2012-11-25 11:59:37

Папа: не блытаць валадарання Хрыста з палітычнай уладай


RealAudioMP3 Не блытаць валадарання Хрыста з любога роду палітычнай уладай заклікаў 25 лістапада Святы Айцец падчас св. Імшы з шасцю новымі кардыналамі ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету ў ватыканскай базыліцы. Папа адзначыў, што ў гэту апошнюю нядзелю літургічнага года Касцёл “настойліва заклікае нас глядзець у будучыню, ці, хутчэй, у глыбіню, на апошнюю мэту гісторыі, якой будзе канчатковае і вечнае панаванне Хрыста”. “Зразумела, - адзначыў Святы Айцец, - што ў Езуса не было ніякіх палітычных амбіцый”. “Езус ведае, што Божае Валадарства іншага тыпу, не грунтуецца на зброі і насіллі”. Папа звярнуў увагу, што Езус нават перад мукай не жадае, каб Яго баранілі зброяй; ён хоча да канца споўніць волю Айца і заснаваць сваё Валадарства на, толькі на першы погляд, “слабасці любові”. Святы Айцец звярнуўся да тэматыкі сённяшняй Літургіі слова, лейтматывам якой з’яўляецца панаванне любові, чым і адрозніваецца валадарства Хрыста ад яго зямных аналагаў. “Вось чаму, перад чалавекам безабаронным, далікатным, зганьбаваным, якім ёсць Езус, чалавек улады, такі як Пілат, здзіўлены, уражаны, бо чуе, што гаворка ідзе пра Валадарства, пра слуг. Ставіць пытанне, здавалася б парадаксальнае: “Значыць, Ты Кароль?”. Папа нагадаў, што “Езус кажа аб валадары, аб валадарстве, але гэта спасылка не на панаванне, а на праўду”.“Езус прыйшоў, каб абвясціць і прынесці новае валадаранне, (...) валадарства справядлівасці, любові і міру”.

Бэнэдыкт XVI звярнуўся таксама да слоў другога чытання сённяшняй нядзелі з кнігі Апакаліпсіса. Менавіта гэты ўрывак Святога Пісання падкрэслівае, што кожны з вернікаў удзельнічае ў валадаранні Хрыста. “Пры гэтым ясна, што гэта валадарства заснавана на адносінах з Богам, з праўдай, і не з’яўляецца палітычным валадарствам”, - адначыў Папа. “Езус адкрыў нам шлях да глыбокіх адносін з Богам”. “Быць вучнем Езуса азначае супрацьстаяць спакусам часовай логікі ўлады, і замест таго, несці ў свет святло Божай праўды і любові”, - нагадаў Святы Айцец і дадаў, што ўмовай стварэння Валадарства Хрыста з’яўляецца наша навяртанне, як адказ на Божую ласку. “Гэта моцны заклік, адрасаваны ўсім і кожнаму, “стала навяртацца да Божага Валадарства, да Божага панавання, Ісціны ў нашым жыцці”.

На заканчэнне гаміліі Бэнэдыкт XVI звярнуўся да шасці новых кардыналаў. Ён заклікаў пурпуратаў узяць адказнасць за складаную місію сведчання пра Божае Валадарства і праўду. “Гэта значыць, пастаяннае сведчанне перад інтарэсамі свету і яго магутнасцю першынства Бога і Яго волі”. Святы Айцец пажадаў новым кардыналам браць прыклад з Хрыста, “які перад Пілатам, у зневажальнай сітуацыі, апісанай у Евангеллі, явіў сваю славу: любоў да канца, аддаючы сваё жыццё за тых, каго ён любіў”.







All the contents on this site are copyrighted ©.