2012-11-24 14:44:10

Італія: сустрэча хрысціянскіх і мусульманскіх сем’яў


RealAudioMP3 Горад Брэшыа на поўначы Італіі заўтра, 25 лістапада, стане месцам сустрэчы хрысціянскіх і мусульманскіх сем’яў. У мерапрыемстве прыме ўдзел каля 2 тыс. чалавек, якія прыбудуць з паўночна-італьянскіх гарадоў. Галоўным чынам, гэта будуць сем’і, якія толькі нядаўна прыбылі ў Італію на пастаяннае жыхарства. Сустрэча адбудзецца дзякуючы ініцыятыве руху Факаляраў і прадстаўнікам мусульманскай супольнасці Італіі. Ініцыятары сустрэчы перакананыя, што сям’я можа ўнесці неацэнны ўклад у фарміраванне свядомасці людзей, гатовых служыць на карысць грамадства.

У ходзе сустрэчы будуць абмяркоўвацца тэмы не толькі эканамічнага характару, але і далікатныя пытанні міжрэлігійных і міжнацыянальных адносін, праблема ўзаемапавагі культурных і рэлігійных традыцый. У рамках сустрэчы адбудзецца круглы стол на тэму сям’і як месца ўнікальнага кантакту з грамадствам, які спрыяе яго салідарызацыі.

Сустрэча ў Брэшыа стане адначасова і працягам папярэдняга супрацоўніцтва, і новым этапам ініцыятывы, якая завершыцца форумам на агульнанацыянальным узроўні ў маі 2013 г. у Рыме. Чакаецца, што ў гэтай сустрэчы прымуць удзел многія вядомыя дзяржаўныя і рэлігійныя дзеячы як з каталіцкага, так і з мусульманскага бакоў.







All the contents on this site are copyrighted ©.