2012-11-24 12:06:54

Кс. Ламбардзі: новая кніга Папы вяртае нам смак сяброўства з Езусам


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламбардзі звярнуў увагу на тое, што “новая кніга Папы аб дзяцінстве Езуса патрапіла ў нашы рукі своечасова, каб духоўна суправаджаць нас ў перыяд Адвэнту і Божага Нараджэння”. У сваёй аўтарскай рубрыцы “Octava Dies” на нашым радыё, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы нагадаў словы Бэнэдыкта XVI, які прадставіў сваю кнігу з уласцівай яму сціпласцю: “Я добра ўсведамляю, што гэты дыялог паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй ніколі не скончыцца... Спадзяюся, што гэта маленькая кніга, нягледзячы на свае абмежаванні, зможа дапамагчы многім людзям на шляху да Езуса і разам з Ім”. “Як пажылы Папа Вайтыла з вялікай адвагай падзяліўся сваім унутраным светам у паэтычных медытацыях “Рымскага Трыптыху”, так Папа Ратцынгер, з не меншай адвагай, падзяліўся самім сабой і сваім унутраным пошукам аблічча Пана і сустрэчы з Ім. Ён вельмі добра ўсведамляў, што ідзе насустрач пярэчанням, часам надуманым, а часам апраўданым. Але, тым не менш, перапляценне паміж навукай і Святым Пісаннем, тэалагічным разважаваннем, чалавечай культурай і асабістым духоўным пошукам, з’яўляецца па-сапраўднаму незвычайным і чароўным”, - сказаў кс. Ламбардзі.

Кіраўнік Залы Друку адзначыў, што Папа асабіста быў сведкам драмы “дзялення Хрыста на гістарычнага і Хрыста веры” і таму ўзяўся весці кожнага з нас і ўвесь Касцёл да пераўзыходу гэтай дылемы, каб “вярнуць нам спакойны і глыбокі смак асабістага сяброўства з Езусам”. “І гэта заданне ў кіраванні Касцёлам, больш фундаментальнае і тэрміновае, чым многія іншыя, таму што Пантыфік перш за ўсё адказны за веру Касцёла”, - лічыць кс. Ламбардзі. Езуіт заклікаў падзякаваць Святому Айцу за кнігі аб асобе Хрыста, якія ён пісаў на працягу дзевяці гадоў і нагадаў словы кардынала Марціні аб першым томе кнігі Папы: “Гэта кніга цудоўная і дае магчымасць лепш зразумець як Езуса, Сына Божага, так і вялікую веру аўтара”.








All the contents on this site are copyrighted ©.