2012-11-24 11:30:16

Бэнэдыкт XVI: Калегія кардыналаў уяўляе сабой аблічча Касцёла


RealAudioMP3 “Калегія кардыналаў уяўляе сабой аблічча Паўсюднага Касцёла”, - так ахарактэрызаваў ролю пурпуратаў Бэнэдыкт XVI, звяртаючыся да ўдзельнікаў кансісторыі, якая адбылася 24 лістапада ў базыліцы св. Пятра. Падчас яе Святы Айцец надаў кардынальскую годнасць шасці іерархам. У сваёй гаміліі Папа засяродзіўся на паняцці “каталіцкі”. Ён нагадаў, што Хрыстус называў сябе “Сынам Чалавечым”, “каб паказаць сапраўдны характар свайго месіянізму, сваёй місіі, арыентаванай на ўсяго чалавека і кожную асобу, пераўзыходзячы любыя этнічныя, нацыянальныя і рэлігійныя асаблівасці”. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што менавіта наследуючы Езуса, Касцёл імкнецца перамагаць любыя падзелы. Бэнэдыкт XVI нагадаў, што вакол апосталаў ствараліся хрысціянскія супольнасці, і нягледзячы на тое, што яны знаходзіліся ў розных рэгіёнах, заставаліся адзіным і паўсюдным Касцёлам. “Калі апосталы казалі аб Касцёле, яны не казалі аб уласнай супольнасці, але аб Касцёле Хрыста, і настойвалі на адзінай ідэнтычнасці, паўсюднай і цалкам “Каталіцкай”, якая рэалізуецца ў кожным лакальным Касцёле”, - падкрэсліў Папа.

“У святло і перспектыву адзінства і паўсюднасці Касцёла ўключана таксама Калегія кардыналаў: яна прадстаўляе сабой разнастайнасць абліччаў, і, такім чынам, адлюстроўвае аблічча Паўсюднага Касцёла. Праз гэту кансісторыю я хацеў бы асаблівым чынам падкрэсліць, што Касцёл – гэта Касцёл усіх народаў, і таму ён выражаецца праз розныя культуры на розных кантынентах. Гэта Касцёл Пяцідзесятніцы, які ў паліфоніі галасоў узносіць адзіны гарманічны спеў да жывога Бога”, - сказаў Папа.

Звяртаючы да новых кардыналаў, Бэнэдыкт XVI нагадаў аб іх абавязку вернасці Хрысту і Евангеллю і паслухмянасці Святому Апостальскаму Рымскаму Касцёлу. “Атрымліваючы чырвоны берэт памятайце: ён сведчыць, што вы павінны быць гатовымі да мужных паводзін, аж да праліцця ўласнай крыві, дзеля ўмацавання хрысціянскай веры, згоды і супакою народу Божага. У той жа час уручэнне пярсцёнка будзе суправаджацца настаўленнем: “Ведай, што з любоўю да Князя Апосталаў умацоўваецца твая любоў да Касцёла”, - нагадаў іерархам Папа. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што праз гэтыя жэсты і выразы кардыналам надаецца выключная роля ў Касцёле.







All the contents on this site are copyrighted ©.