2012-11-22 10:26:24

Бэнэдыкт XVI: мастак – сведка прыгажосці веры


RealAudioMP3 “Мастак – гэта прывілеяваны сведка прыгажосці веры”, - напісаў Бэнэдыкт XVI у пасланні да ўдзельнікаў штогадовага публічнага пасяджэння Папскіх акадэмій, якое прайшло 21 лістапада ў Рыме. Сустрэча была прысвечана сувязі паміж прыгажосцю, мастацтвам і верай. “Прыгажосць веры ніколі не можа быць перашкодай для стварэння мастацкай прыгажосці, таму што, у пэўным сэнсе, з’яўляецца яе жыццёвай тканкай і апошнім гарызонтам”, - адзначыў Папа. Паводле яго, “сапраўдны мастак – гэта абаронца прыгажосці свету і дзякуючы сваёй асаблівай эстэтычнай чуласці і інтуіцыі можа глыбей, чым іншыя, зразумець і прыняць прыгажосць веры, а затым выразіць яе і перадаць з дапамогай сваёй мовы”. “Мастак, праз свой унікальны і арыгінальны ўклад, можа ўдзельнічаць у пакліканні і місіі Касцёла, асабліва калі праз розныя формы мастацтва жадае рэалізаваць творы непасрэдна звязаныя з досведам веры і культу або літургічнай дзейнасцю Касцёла”, - адзначыў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI нагадаў словы кс. Джавані Батыста Манціні, будучага папы Паўла VI, які лічыў, што “перад сакральным мастацтвам стаіць праблема выразу невыказнага”. Паводле яго, мастаку неабходны містычны досвед, каб перадаць “некалькі промняў нябачнага Святла”. Павел VI казаў, што сакральнае мастацтва нараджаецца “у мастака пакорнага і веруючага, які моліцца, шукае, трывае ў маўчанні і дабрыні і чакае уласнай Пяцідзесятніцы”.

Бэнэдыкт XVI заклікаў усіх хрысціянскіх мастакоў кіравацца гэтымі словамі Паўла VI і ўчыніць са свайго мастацкага досведу духоўны шлях, “на якім усе вымярэнні чалавечага існавання, будуць задзейнічаны ў сведчанні прыгажосці веры ў Езуса Хрыста, выяве хвалы Бога, які асвятляе гісторыю чалавецтва”.








All the contents on this site are copyrighted ©.