2012-11-21 11:45:19

Сапраўднае дабро чалавека становіцца бачным дзякуючы веры


RealAudioMP3 “Каталіцкая традыцыя ад самага свайго пачатку адмаўляла фідэізм – жаданне верыць насуперак розуму. Credo quia absurdum (веру, таму што гэта абсурдна) – гэта формула, не ўласцівая каталіцкай веры”, - аб гэтым нагадаў Папа ўдзельнікам агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 21 лістапада ў Ватыкане. Сваю катэхезу Бэнэдыкт XVI прысвяціў рацыянальнасці хрысціянскай веры. “Бог – гэта не абсурд, хоць і з’яўляецца таямніцай, якая, у сваю чаргу, не з’яўляецца ірацыянальнай, але поўняй сэнсу, значэння, праўды. Калі гледзячы на таямніцу, розум бачыць цемру, гэта адбываецца не таму, што таямніца не з’яўляецца святлом, але таму што з’яўляецца незвычайна вялікай. Так, калі вочы чалавека глядзяць прама на сонца, бачаць толькі цемру; але хто скажа, што сонца не яснае?”, - запытаў Святы Айцец. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што меркаванне некаторых сучасных мысляроў аб тым, што розум чалавека блакуецца догмамі веры – гэта фальшывы стэрэатып. Паводле Святога Айца, праўдай з’яўляецца як раз адваротнае, аб чым сведчаць вялікія настаўнікі каталіцкай традыцыі. Ён нагадаў пра прыклад св. Аўгустына, якія перад навяртаннем шукаў праўды праз розныя даступныя філасофскія сістэмы, пакуль не прыйшоў да высновы, што трэба “разумець, каб верыць і верыць, каб разумець”. “Інтэлект і вера, перад абліччам Божага Аб’яўлення не з’яўляюцца чужымі і супярэчнымі для сябе паняццямі, але дзьвума ўмовамі, неабходнымі для разумення сэнсу, для прыняцця сапраўднага паслання, набліжэння да парогу таямніцы”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што такое навучанне падцвярджаецца ўсім Новым Запаветам. Ён нагадаў словы св. Паўла: “Юдэі патрабуюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасці. Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў – згаршэнне, для язычнікаў – глупства”. Пантыфік падкрэсліў, што крыж Хрыста мае сваю рацыянальнасць – гэта збаўчы факт, які становіцца зразумелым у святле веры.

Папа звярнуў увагу, што на такой сувязі базуюцца таксама адносіны паміж навукай і верай. Навуковыя даследванні вядуць да заўсёды новага пазнання праўды пра чалавека і космас, але сапраўднае дабро чалавецтва становіцца бачным дзякуючы веры.

“Так, вера не ўваходзіць у канфлікт з навукай, але наадварот – супрацоўнічае з ёй, даючы базавыя крытэрыі для спрыяння дабру ўсіх, заклікаючы адмовіцца толькі ад тых спробаў, якія, насуперак першапачатковаму плану Бога, могуць прывесці да эфектаў, што выбухнуць супраць самаго чалавека. Таксама і па гэтай прычыне патрэбна разумная вера: калі навука, гэта каштоўны саюзнік веры ў разуменні задумы Бога аб сусвеце, вера дазволіць навуковаму прагрэсу рэалізоўвацца заўсёды для дабра і праўды чалавека, застаючыся вернай самой гэтай задуме”, - сказаў Папа.

На думку Святога Айца трэба, каб чалавек адкрыўся на веру, пазнанне Бога і Яго Збаўчы план у Езусе Хрысце. “У Евангеллі пачалося новае чалавецтва, сапраўдная “граматыка” чалавека і ўсёй рэальнасці”, - заключыў Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.