2012-11-21 10:33:42

Кніга Бэнэдыкта XVI з’явілася на паліцах кнігарняў 50 краін


RealAudioMP3 Складана ўзгадаць больш “пладавітага” пісьменніка сярод Пантыфікаў, чым Бэнэдыкт XVI, піша на старонках сённяшняй “Il giornale” італьянскі ватыканіст Паўла Радары, каментуючы выхад трэцяга, заключнага, тому трылогіі пра зямное жыццё Езуса. 21 лістапада 174-старонкавая кніга, прысвечаная дзяцінству Збаўцы, з’явілася ў кнігарнях 50 краін. Радары нагадаў, што ўжо ў 2002 г. – за тры гады да абрання на Пасад св. Пятра – кардынал Ратцынгер сказаў, што яго самай вялікай марай было напісанне кнігі пра Езуса, а працягам кар’еры – прызначэнне Бібліятэкарам Святога Рымскага Касцёла. Ватыканіст цытуе кардынала Рафаэле Фарына, нядаўна сышоўшага на пенсію Ватыканскага Бібліятэкара, які прызнаўся, што кардынал Ратцынгер яшчэ ў 1997 г., у сваё 70-годдзе, прасіў Яна Паўла ІІ прызначыць яго кіраўніком Ватыканскай бібліятэкі. Перш за ўсё таму, што гэта пасада, паводле меркавання будучага Папы, дазваляе вучыцца, думаць і, перш за ўсё, пісаць.

Цяжка зразумець, як гэта магчыма, што Папа знайшоў час, неабходны для напісання гэтай трылогіі, адзначае італьянскі ватыканіст. Кіраванне Касцёлам забірае ўсе сілы і для многіх немагчыма нават падумаць, каб рабіць што-небудзь яшчэ. Але Бэнэдыкт XVI пісаў вечарамі і падчас летняга адпачынку, на працягу апошніх 8 гадоў, “ведаючы, што гэта надзённая патрэба для ўсіх вернікаў”, - як сказаў учора, падчас прэзентацыі кнігі, кс. Ламбардзі.

Для Папы, заўважыў Радары, апавяданне пра дзяцінства Езуса – не легенда або мудрагелістая рэканструкцыя. Гэта рэальная гісторыя, якая адбылася на самой справе, і якую можна зразумець толькі на падставе Божага Слова.







All the contents on this site are copyrighted ©.