2012-11-20 11:28:15

Кардынал Каспер: ІІ Ватыканскі Сабор не трэба абмяжоўваць да танных стэрэатыпаў


RealAudioMP3 ІІ Ватыканскі Сабор не быў скліканы з-за паўстання нейкай ерасі ці схізмы ў Касцёле, як было ў выпадку папярэдніх такога роду асамблей, на ім не абвяшчаліся фармальныя догмы і не прымаліся дысцыплінарныя меры, - звярнуў увагу кардынал Вальтэр Каспер, былы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Ён нагадаў, што Сабор стаў новым часам, для якога быў характэрны “аптымізм веры ў Бога” і пошук аднаўлення Касцёла. Словы іерарха, які прысутнічаў на кангрэсе ў Папскім універсітэце “Яна Паўла ІІ” у іспанскай Саламанцы, цытуе сённяшняя “L’Osservatore Romano”.

Кардынал Каспер нагадаў аб складанай сітуацыі вакол Сабору. Правядзенне асамблеі было звязана, з аднаго боку, з вялікім энтузіязмам, а з другога, пратэстам у некаторых касцёльных асяродках. Па словах былога кіраўніка ватыканскай дыкастэрыі, некаторыя крытыкі акрэслівалі Сабор нават словам “ганьба”. “Але гэта было памылкай”, - сцвердзіў кардынал Каспер. Ён нагадаў, што, напрыклад, літургічная рэформа была прынята з удзячнасцю большасцю ўдзельнікаў біскупскай асамблеі.

Вызначальным вынікам Сабору, паводле нямецкага іерарха, сталі яго дакументы, якія вызначылі будучыню католікаў у дыяцэзіях, парафіях і рэлігійных супольнасцях. Акрамя таго, пастановы ІІ Ватыканскага Сабору паспрыялі экуменічнаму і міжрэлігійнаму дыялогу. Паводле іерарха, мы не павінны ствараць міфаў пра Сабор або абмяжоўваць яго да танных стэрэатыпаў. “Адпраўным пунктам павінны стаць саборныя тэксты, у адпаведнасці з правіламі і прызнанымі крытэрыямі. А іх інтэрпрэтацыя павінна грунтавацца на іерархіі праўды”, - лічыць кардынал Каспер.








All the contents on this site are copyrighted ©.