2012-11-20 13:40:35

Айцец Канталамеса: канец свету – гэта не страх перад фальшывымі прарокамі, але надзея ў Хрысце


RealAudioMP3 Канец свету, аб якім так шмат гаворыцца ў апошні час, павінен выклікаць у нас не страх, а надзею ў Хрысце, - лічыць айцец Раньера Канталамеса, прапаведнік Папскага дому. У інтэрв’ю нашаму радыё італьянскі капуцын адзначыў, што Езус не казаў аб дакладнай даце гэтай падзеі і нават анёлы на небе не ведаюць аб ёй. Айцец Канталамеса звярнуў увагу на тое, што Езус прадстаўляе канец свету як нешта аптымістычнае, што выклікае надзею. “Ён гаворыць, што мы ідзём на сустрэчу з Айцом, Якога кожны дзень сустракаем у Эўхарыстыі. Таму, як мы можам баяцца Таго, хто з’яўляецца нашым спадарожнікам на шляху?” – задаў рытарычнае пытанне капуцын. Ён нагадаў, што ў Бібліі гаворыцца не аб канцы свету, а аб яго завяршэнні.

“У 410 г., пасля разбурэння Рыму, некаторыя Айцы Касцёла думалі, што надыйшоў канец свету, бо атаясамлівалі свет з Рымскай Імперыяй, якую лічылі канчатковай мэтай жыцця”, - нагадаў айцец Канталамеса. Ён падкрэсліў, што ў сапраўднасці цяжка вызначыць, калі наступіць гэта падзея. “Для кожнага з нас канец свету можа наступіць сёння ці заўтра, бо гэта тое, чым з’яўляецца смерць для кожнага чалавека”, - сказаў законнік. Калі б мы ведалі дакладную гадзіну нашай смерці, мы пачалі б адлічваць час да моманту яе наступлення, што было б звязана з навязлівай трывогай. “Таму Бог зрабіў добра, захоўваючы ў таямніцы як гадзіну нашай смерці, так і час канца свету”, - заключыў айцец Канталамеса.








All the contents on this site are copyrighted ©.