2012-11-16 11:20:59

Бэнэдыкт XVI даслаў пасланне на Сусветныя дні моладзі ў Рыа


RealAudioMP3 16 лістапада было апублікавана пасланне Бэнэдыкта XVI на Сусветныя дні моладзі, які пройдуць у ліпені 2013 г. у бразільскім Рыа-дэ-Жанейра. У ім Папа заклікаў моладзь рыхтавацца да форума, разважаючы над яго асноўнай тэмай: “Ідзіце і навучайце ўсе народы”. Усё пасланне Святога Айца прысвечана менавіта тэме евангелізацыі і ролі моладзі ў гэтай місіі Касцёла. “Пазнаёміць з Хрыстом – гэта самы каштоўны дар, які вы можаце даць іншым”, - звярнуўся да моладзі Папа. Ён нагадаў, што маладыя людзі маюць асаблівае заданне ў Касцёле – быць місіянерамі сярод сваіх аднагодак. Сёння, паводле яго, патрэба ў евангелізацыі з’яўляецца тэрміновай, як ніколі, бо “на кон пастаўлена збаўленне чалавецтва і збаўленне кожнага з нас!”. Святы Айцец падкрэсліў, што для выканання місіянерскай місіі неабходна клапаціцца аб уласнай веры. Ён нагадаў словы бл. Яна Паўла ІІ: “Вера умацоўваецца, калі перадаецца”. “Абвяшчаючы Евангелле вы самі ўзрастаеце і ўсё больш укараняецеся ў Хрысце, становіцеся сталымі хрысціянамі”, - напісаў Бэнэдыкт XVI. Ён падкрэсліў, што “немагчыма быць веруючымі не евангелізуючы”. Акрамя таго, Папа адзначыў, што евангелізацыя дамапамагае самім евангелізатарам: праз служэнне іншым і абвяшчэнне Евангелля, жыццё “часта фрагментаванае паміж рознымі заняткамі, знойдзе сваё адзінства ў Пану”. “Вы пабудуеце саміх сябе, узрасцёце і пасталеце ў чалавечнасці”, - напісаў Святы Айцец.

Каб быць вучнямі Хрыста, Папа заклікаў моладзь уважліва слухаць Божае Слова і глыбока вывучаць змест веры. Ён нагадаў словы з уступу да моладзевага катэхізіса “Youcat”: “Вы павінны ведаць вашу веру, з такой дакладнасцю з якой спецыяліст у інфарматыцы ведае аператыўную сістэму камп’ютера; павінны ведаць, як музыкант ведае сваю частку; так, вы павінны быць больш укаранённымі ў веры, чым пакаленне вашых бацькоў, каб здолець супрацьстаяць з сілай і рашучасцю выклікам і спакусам гэтага часу”.

Папа падкрэсліў: евангелізацыя пачынаецца ад асабістай сустрэчы з Езусам і Яго любоўю. “Чым больш пазнаём Бога, тым больш узнікае жаданне абвяшчаць Яго”, - сказаў Пантыфік. Ён заклікаў моладзь не закрывацца ў сабе, сваіх праблемах, звычках, але дазволіць любові Бога, якую адкрылі, весці сябе і дасягнуць іншых людзей. “Паглядзіце вакол: многія маладыя людзі згубілі сэнс свайго існавання. Ідзіце! Хрыстус мае патрэбу ў вас!”, - заклікаў Папа.

Святы Айцец вылучыў два поля дзейнасці, важныя для евангелізацыі: першы звязаны са сродкамі камунікацыі і ў прыватнасці інтэрнэтам, а другі з падарожжамі і перамяшчэннямі вялікай колькасці маладых людзей з адной краіны ў іншую.

Папа нагадаў, што абвяшчэнне Хрыста павінна суправаджацца уласным сведчаннем і канкрэтнымі жэстамі любові. “Першы акт любові, які можаце зрабіць іншаму – гэта падзяліцца крыніцай нашай надзеі: той хто не дае Бога, дае вельмі мала!”, - напісаў Бэнэдыкт XVI. Ён заклікаў моладзь не баяцца прапаноўваць прыняць хрост тым, хто гэтага не зрабіў, а таксама заклікаць пачаць знаёмства з верай праз катэхезацыю.

Перад абліччам цяжкасцяў звязаных з евангелізацыяй, Святы Айцец заклікаў моладзь не апускаць рукі, але быць моцнымі верай: укараніцца ў малітве і сакрамэнтах, быць вернымі Божаму Слову і працягваць з адвагай сведчыць аб ім, а таксама захоўваць еднасць з Касцёлам. “Будзьце сэрцам і рукамі Езуса! Ідзіце і сведчыце аб Яго любові, будзьце місіянерамі запаленымі яго любоўю і адкрытасцю! Наследуйце прыклад вялікіх місіянераў Касцёла, такіх як св. Францішак Ксаверый і многія іншыя”, - пажадаў моладзі Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.