2012-11-14 11:56:15

Свет, чалавек і вера – шляхі да пазнання Бога


RealAudioMP3 Свет, чалавек і вера – у гэтых трох словах, паводле Бэнэдыкта XVI, можна заключыць шляхі, якія вядуць да пазнання Бога. Менавіта гэтаму Святы Айцец прысвяціў сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 14 лістапада. На думку Пантыфіка, сёння існуе шмат складанасцяў і выпрабаванняў для веры. Папа нагадаў аб перыядзе Асветы, калі пачалася крытыка рэлігіі, фарміраванне атэістычных філасофскіх сістэм і моцнай секулярызацыі ў ХХ ст. Ён адзначыў, што ў наш час з’яўвіўся больш небяспечны феномен – практычны атэізм, у якім “праўды веры і рэлігійныя абрады не адчужаюцца, а проста лічацца нязначнымі ў штодзённым існаванні, пазбаўленымі жыцця і непатрэбнымі”. Паводле Бэнэдыкт XVI, “забыццё Бога” і абмежаванне выключна гарызантальным вымярэннем, з’яўляецца фундаментальнай прычынай таталітарызмаў мінулага стагоддзя і сучаснага крызісу каштоўнасцяў.

У такой сітуацыі Касцёл і хрысціяне павінны даць адказ атэізму, скептыцызму, абыякавасці да “вертыкальнага вымярэння”, - лічыць Святы Айцец - каб чалавек нашага часу працягваў лічыцца з існаваннем Бога і прайшоў шлях, які вядзе да Яго. На думку Папы, трэба прапанаваць шляхі да пазання Бога, якія можна абагульніць у трох словах: свет, чалавек і вера. Гаворачы аб першым, Бэнэдыкт XVI падкрэсліў важнасць аднаўлення здольнасці сузіраць стварэнне, яго прыгажосць і структуру. “Свет – гэта не бясформенная магма. Чым больш мы пазнаём і адкрываем яго цудоўныя механізмы, тым больш бачым задуму, бачым, што ёсць Творчы Розум”, - сказаў Папа.

Другі шлях – гэта чалавек. Паводле Святога Айца, неабходна спыніцца, зазірнуць у глыбіню саміх сябе і ўбачыць вялікую прагу бясконцасці, якую носім унутры і, якая падштурхоўвае да Таго, хто можа яе наталіць.


Нарэшце трэці шлях да пазнання Бога, на думку Папы, можна абагульніць словам “вера”. “Вера, гэта сустрэча з Богам, які прамаўляе, дзейнічае ў гісторыі і перамяняе наша штодзённае жыццё, змяняючы нашу ментальнасць, суджэнні аб каштоўнасцях, выбары, змяняе канкрэтныя ўчынкі. Гэта не ілюзія, не ўцёкі ад рэальнасці, зручны прытулак, сентыменталізм, але сэнс усяго жыцця і абвяшчэння Евангелля, Добрай Навіны, здольнай вызваліць усяго чалавека”, - адзначыў Папа.

Паводле Пантыфіка, хрысціянская супольнасць павінна быць “прывілеяваным шляхам” для тых, хто абыякавы ці мае сумненні адносна свайго існавання і дзейнасці.

“Гэта, аднак, патрабуе ад кожнага з нас больш празрыстага сведчання веры, ачышчэння ўласнага жыцця, каб яно было больш падобным на Хрыстовае. Сёння многія маюць абмежаваннае разуменне хрысціянскай веры, бо ідэнтыфікуюць яе больш з сістэмай вераванняў і каштоўнасцяў, чым з праўдай аб Богу, які адкрыўся ў гісторыі і жадае камунікаваць з чалавекам адзін на адзін, у адносінах любові да яго. У рэальнасці, у фундаменце кожнага навучання ці каштоўнасці, ёсць падзея сустрэчы паміж чалавекам і Богам у Езусе Хрысце. Хрысціянства, перш чым быць мараллю або этыкай – з’яўляецца надыходам любові, прыняццем асобы Езуса. Таму хрысціянін і хрысціянская супольнасць, павінны перш за ўсё паказваць і глядзець на Хрыста, сапраўдны Шлях, які вядзе да Бога”, - сказаў Папа.

Пасля катэхезы Святы Айцец, па-традыцыі, прывітаў пілігрымаў з розных краін свету. Сярод прысутных у Зале Паўла VI былі вернікі з расійскага Іркуцку на чале з біскупам Кірылам Клімовічам. Папа благаславіў іх і пажадаў, каб расійскім католікам заўсёды спадарожнічала малітва святых Апосталаў і мучанікаў Вечнага гораду.








All the contents on this site are copyrighted ©.