2012-11-07 11:44:53

Развіваць антыцелы супраць баналізацыі і спрашчэння


RealAudioMP3 Ачышчаць і аздараўляць свае жаданні, каб яны вялі да пазнання Бога, - з такім заклікам звярнуўся Бэнэдыкт XVI да вернікаў, сабраных на агульнай аўдыенцыі 7 кастрычніка. Сваю катэхезу Папа прысвяціў таямнічаму жаданню Бога, якое кожны чалавек носіць у сваім сэрцы. Паводле Святога Айца, такое сцвярджэнне можа падавацца правакацыйным у многіх асяродках сучаснай секулярызаванай заходняй культуры, але нягледзячы на гэта, чалавек “працягвае імкнуцца да нечага большага за сябе, таго, што не можа сам пабудаваць, аднак пакліканы гэта пазнаць”. Бэнэдыкт XVI нагадаў, што ў сваёй першай энцыкліцы “Deus caritas est” ён напісаў, што праз любоў людзі “адкрываюць веліч і прыгажосць жыцця і рэальнасці”, але досвед любові павінен праходзіць праз ачышчэнне і аздараўленне жаданняў, выхад з саміх сябе і служэнне. Гэтага, паводле Папы, патрабуе дабро, якога мы жадаем бліжняму.

“Нават любімы чалавек не ў стане насыціць жаданне, якое жыве ў чалавечым сэрцы, і, чым больш сапраўднай з’яўляецца любоў да іншага, тым больш яна адкрывае на пытанні аб яе паходжанні і лёсе, аб магчымасці яе вечнага трывання. Такім чынам, чалавечы досвед любові мае ў сабе дынаміку, якая дапамагае чалавеку пераўзысці сябе; гэта досвед дабра, які вядзе да выйсця за сябе і змяшчэння сябе перад таямніцай, якая ахоплівае усё існаванне”, - сказаў Папа.

Паводле Папы, на сённяшні дзень існуе патрэба ў “педагогіцы жаданняў”, як для вернікаў, так і для няверуючых. У ёй Святы Айцец вылучыў два важных аспекты. Першы пакліканы “навучыць ці перавычыць адчуванню сапраўднай радасці ад жыцця”.

“Не ўсе задавальненні прыносяць добрыя плёны: некаторыя пакідаюць станоўчыя сляды, здольныя супакоіць душу, робяць нас больш актыўнымі і шчырымі. Іншыя аднак, пасля першапачатковага святла, расчароўваюць у чаканнях, якія мы мелі, і пакідаюць у нас горыч, незадаволенасць ці адчуванне пустэчы. Неабходна вучыць ад самага маленства адчуваць сапраўдную радасць ва ўсіх сферах існавання: у сям’і, сяброўстве, салідарнасці з тымі, хто пакутуе, адмаўленні ад самаго сябе дзеля служэння іншым, любові да ведаў, мастацтве, прыгажосці прыроды. Усё гэта азначае выхаванне унутранага густу і вытворчаць эфектыўных антыцелаў супраць баналізацыі і спрашчэння, распаўсюджаных сёння”, - адзначыў Пантыфік.

Паводле Папы, такая педагогіка жаданняў тычыцца не толькі дзяцей і моладзі, але таксама і дарослых: яны маюць “патрэбу ў тым, каб адкрыць сапраўдныя радасці, жадаць праўдзівай рэальнасці, ачышчаючыся ад пасрэднасці, у якой рызыкуюць заблытацца”.

Іншы важны аспект “педагогікі жаданняў”, паводле Святога Айца, заключаецца ў тым, каб ніколі не спыняцца на дясягнутым: сапраўдная радасць здольная вызваліць у нас здаровую трывогу, якая вядзе да таго, каб быць больш патрабавальным – жадаць большага і глыбокага дабра, а разам з тым, усведамляць, што нішто абмежаванае не зможа супакоіць нашы сэрцы. “Калі ў жаданні адкрываецца акно для Бога, гэта ўжо знак прысутнасці веры ў душы, веры, якая з’яўляецца Божай ласкай”, - сказаў Папа ў сваёй катэхезе.








All the contents on this site are copyrighted ©.