2012-11-07 10:03:36

Дэкларацыя “Nostra aetate” вызначае сёння адносіны Касцёла да юдаізму


RealAudioMP3 Дэкларацыя ІІ Ватыканскага Сабору “Nostra aetate” аб адносінах Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій па-ранейшаму з’яўляецца вызначальнікам яго стаўлення да юдаізму, - сказаў кардынал Курт Кох падчас трэцяга пленарнага пасяджэння Камісіі па рэлігійных адносінах з юдаізмам, якое адбывалася 28-30 кастрычніка ў Ватыкане. У ім прынялі ўдзел кансультанты і дэлегаты некаторых епіскапатаў па сувязях з юдэямі.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству ў сваё прамове, апублікаванай 6 лістапада, адзначыў, што ў дыялогу з лефэбрыстамі пытанне важнасці дэкларацыі “Nostra aetate” узнімалася з розных аспектаў. З’явілася меркаванне, што будучы дэкларацыяй, яна не носіць такога важнага значэння, як іншыя саборныя дакументы. Аднак, з пункту гледжання зместу, не можна аддзяляць асобных саборных тэкстаў адзін ад аднаго або супрацьпастаўляць іх; яны павінны разглядацца як шчыльна звязаныя паміж сабой, нагадаў ватыканскі іерарх. Таму, адзначыў ён, не можна аддзяляць працэсу паяднання Брацтва св. Пія X з Касцёлам ад прыняцця з іх боку лініі ІІ Ватыканскага Сабору.

Кардынал Кох падкрэсліў уклад Бэнэдыкта XVI у дыялог з юдаізмам і нагадаў аб яго шматлікіх візітах у сінагогах.

Падчас ватыканскай сустрэчы размова ішла аб планах адзначэння 28 кастрычніка 2015 г. 50-годдзя дэкларацыі ІІ Ватыканскага Сабору “Nostra aetate” аб адносінах Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій.







All the contents on this site are copyrighted ©.