2012-11-06 11:43:41

У Ватыкане збяруцца медработнікі з усяго свету


RealAudioMP3 Пра медыцынскія ўстановы ў працэсе абвяшчэння Евангелля будуць размаўляць удзельнікі кангрэсу, які пройдзе ў Ватыкане 15-17 лістапада. “Шпіталь – месца евангелізацыі. Місія чалавечая і духоўная”, так гучыць тэма XXVII Міжнароднай канферэнцыі Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. Асамблея, якая пройдзе ў Новай сінадальнай зале, засяродзіцца на трох напрамках: “Духоўнасць і дыяконія міласэрнасці”, “Гісторыя і місія”, “Этыка і гуманізацыя”. 17 лістапада ўдзельнікі збяруцца ў Зале Паўла VI для разважання і малітвы.

На заканчэнне форуму запланавана сустрэча ўдзельнікаў з папам Бэнэдыктам XVI, - паведаміў арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі, старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. “На сустрэчу з Наступнікам св. Пятра, - дадаў ён - таксама запрошаны рымскія медыкі і члены іх сем’яў, студэнты медыцынскіх навучальных устаноў, члены арганізацый, чыя дзейнасць звязана з клопатам пра хворых. XXVII Міжнародная канферэнцыя, адзначыў арцыбіскуп Зімоўскі, “стане важнай часткай Году веры і пройдзе ў сугуччы з дзьвюма падзеямі, якія нядаўна адбыліся ў Ватыкане: XIII Генеральнай асамблеяй Сінода Біскупаў і 50-годдзем адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабору”.

Іерарх паведаміў, што на штогадовы медыцынскі форум запрошаны найбольш выбітныя эксперты, якія дапамогуць глыбока паглядзець на сёлетнюю тэматыку. Ён паінфармаваў, што ў канферэнцыі прымуць удзел некалькі сотняў удзельнікаў з усяго свету.







All the contents on this site are copyrighted ©.