2012-11-06 16:13:11

Арцыбіскуп Мамбэрці: Інтэрпол пакліканы садзейнічаць верхавенству права


RealAudioMP3 Прадстаўнік Святога Пасаду, арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці, выступіў на 81-й Генеральнай Асамблеі Інтэрпола, якая пачала працы 6 лістапада ў Рыме. Сакратар па адносінах з дзяржавамі ацаніў рэальна сучасную сітуацыю, адзначыўшы не толькі пашырэнне злачыннасці, але і павелічэнне яе гвалтоўнасці і жорсткасці. Іерарх заявіў, што, “дэмакратычная дзяржава павінна забяспечыць усім грамадзянам аднолькавыя гарантыі абароны іх фундаментальных правоў”.

Шматразова спасылаючыся на сацыяльнае навучанне Касцёла, арцыбіскуп Мамбэрці выказаў думку, што для выкаранення злачыннасці неабходны шэраг фактараў, сярод якіх: канкрэтнасць канстытуцыйных норм, кантроль з боку незалежнага органу над юрыдычнай сістэмай і плюралізм. Апрача таго, у гэтым працэсе патрэбна салідарнасць паміж грамадзянамі і сіламі парадку, якія разам ствараюць “найлепшы бастыён супрацьстаўлення крыміналу”.

Прадстаўнік Святога Пасаду адзначыў, што злачынца, якім бы цяжкім ні быў яго праступак, застаецца заўсёды чалавекам, які мае правы і абавязкі. І гэта павінна ўлічваць дзяржава, змагаючыся са злачыннасцю. Толькі ў такім выпадку, на думку ватыканскага іерарха, органы бяспекі могуць разлічваць на давер і павагу з боку грамадзян.








All the contents on this site are copyrighted ©.