Бэнэдыкт XVI скіраваў віншаванні новаму копцкаму Патрыярху
Бэнэдыкт XVI выразіў
радасць і склаў віншаванні з нагоды абрання новага Патрыярха Копцкай Праваслаўнай
Царквы Тавадаса ІІ. У спецыяльнай тэлеграме Святы Айцец перадаў свае добрыя пажаданні
новаабранаму іерарху, а таксама ўсім хрысціянам-коптам. Папа запэўніў Тавадаса ІІ
у малітоўнай салідарнасці, просячы Бога аб шчодрым благаслаўленні, неабходным для
выканання яго новага служэння. “Я ўпэўнены што Вы, як і Ваш славуты папярэднік, папа
Шэнуда ІІІ, будзеце сапраўдным духоўным айцом для свайго народа і парнёрам суграмадзян
ў справе будавання новага Егіпта ў міры і згодзе, служэнні супольнаму дабру на ўсім
Блізкім Усходзе”, - напісаў Папа.Бэнэдыкт XVI таксама нагадаў аб вялікім прагрэсе,
дасягнутым пад кіраўніцтвам Шэнуды ІІІ у паглыбленні адносін паміж Копцкай Праваслаўнай
Царквой і Каталіцкім Касцёлам. Святы Айцец падкрэсліў, што моліцца, каб гэты пастаянны
дыялог і сяброўства развіваліся пад кіраўніцтвам Святога Духа і прынеслі свае плёны
ў справе ўмацавання салідарнасці і трывалага міру.