2012-11-03 12:23:35

Святы Айцец памаліўся за памерлых кардыналаў і біскупаў


RealAudioMP3 3 лістапада Бэнэдыкт XVI узначаліў св. Імшу за кардыналаў і біскупаў, якія памерлі на працягу мінулага года. Яна адбылася ў базыліцы св. Пятра ў прысутнасці шматлікіх іерархаў, святароў і вернікаў. У сваёй гаміліі Папа звярнуў увагу на тое, што “наведванне могілак дазваляе аднавіць сувязь з людзьмі, якія нас пакінулі”: менавіта перад магіламі памерлых мы ўзгадваем “як яны жылі, што любілі, чаго баяліся і на што спадзяваліся, чаго не прымалі”. Магілы, - паводле Папы – гэта адлюстраванне іх існавання і іх свету. “Такім чынам, месцы пахавання становяцца свайго роду месцам сустрэчы, дзе жывыя сустракаюцца са сваімі памерлымі і ўмацоўваюць з імі сувязь адзінства, якую нават смерць не можа разарваць”, - сказаў Папа. Святы Айцец адзначыў, што перад абліччам смерці чалавек заўсёды шукае надзеі і святла, і мы як хрысціяне павінны адказаць на гэты пошук. “Адкажам з верай ў Бога, з позіркам моцным надзеяй, якая грунтуецца на смерці і уваскрасенні Езуса Хрыста. Такім чынам смерць адкрывае жыццё вечнае, якое не з’яўляецца бясконцым паўтарэннем цяперашняга часу, але нечым цалкам новым. Вера кажа нам, што сапраўдная бессмяротнасць, якой жадаем, гэта не проста ідэя, паняцце, але адносіны поўнага адзінства з жывым Богам: гэта знаходжанне ў Яго руках, Яго любові, і будаванне адзінства з Ім і ўсімі братамі і сёстрамі, якіх Ён стварыў, усім стварэннем”, - сказаў Папа.

Паводле Папы, надзея вернікаў грунтуецца на любові Бога, якая заззяла на крыжы Хрыста і словах, скіраваных да ўкрыжаванага побач з Ім злачынцы: “Будзеш са мной у раі”. Пантыфік узгадаў аб памерлых на працягу мінулага года кардыналах і біскупах і падкрэсліў важнасць углядання ў прыклад іх жыцця, сведчання веры і павагі да ўкладу, які яны зрабілі ў жыццё Касцёла і свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.