2012-11-03 14:23:44

Беларусь: Апостальскі нунцый маліўся за ахвяраў пераследу і войнаў


RealAudioMP3 2 лістапада 2012 г. Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці маліўся падчас св. Імшы ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены за ўсіх беларусаў, якія сталі ахвярамі войнаў і пераследу. Падчас гаміліі іерарх адзначыў, што ўся гісторыя беларускага народа прасякнута гвалтоўнай смерцю. “Толькі адно мінулае стагоддзе сабрала з гэтай зямлі жахлівую колькасць ахвяраў. І нішто ў гэтым не перашкодзіла”. Папскі пасланнік нагадаў, што “бясконца змяняліся межы Беларусі, і тыя, хто яшчэ ўчора жыў у бяспецы, раптам апыналіся ў віры гвалтоўных падзеяў, становячыся ахвярамі крывавага варварства «пераможцаў»”.

Арцыбіскуп звярнуў увагу, што не жадае падтрымліваць “тых, хто займаецца спекуляцыяй на памерлых, ні тых, хто лічыць, што ёсць памерлыя, якіх варта памятаць, і тыя, чыя ахвяра павінна быць ахінута маўчаннем”. “Для нас усе, нават немаўляты, забітыя ва ўлонні маці, маюць аднолькавую годнасць, бо іх усіх аднолькава любіць Бог”, - дадаў ён. Іерарх звярнуўся да тэмы ідэалогій, якія зневажаюць годнасць чалавечай асобы. “Няма забітых добрымі або дрэннымі людзьмі. - падкрэсліў ён, - Ёсць толькі ахвяры аднаго насілля, а яно, у які б убор не апраналася, заўжды з’яўляецца злачынным, недапушчальным і караецца Богам”.

Арцыбіскуп Гуджэроцці заклікаў “не падманваць самі сябе” і сказаць адкрыта, што не толькі іншаземныя захопнікі забівалі сыноў і дачок Беларусі. “Як і ў выпадку ўсіх іншых народаў, на наш сорам, мы ведаем, што былі і тыя, хто, стаўшы калабарантам, разам з ворагамі забіваў сваіх братоў. Гэта — горкая праўда нашага жыцця”, - адзначыў ён і нагадаў імёны айцоў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, францішканаў Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня, святароў Генрыха Глябовіча, Мечыслава Багаткевіча, Уладзіслава Мацковяка, Станіслава Пыртака, а таксама экзарха беларускіх грэка-католікаў Антона Неманцэвіча. Ватыканскі дыпдамат адзначыў, што не можа не ўзгадаць “пра светлую і нязломную постаць шаноўнага кардынала Казіміра Свёнтка”, які “быў глыбокім і высокадухоўным чалавекам”, і таго, як дорага яму давялося заплаціць за сваю веру.

Дзякуючы веры ў Бога “Беларусь зможа знаходзіць заўсёды новыя матывы для таго, каб жыць далей і любіць, каб глядзець наперад і бачыць радасць, якую Бог падрыхтаваў для яе ў гэтым жыцці і ў вечным шчасці ў нябёсах”, - выказаў перакананне Апостальскі нунцый у Беларусі.







All the contents on this site are copyrighted ©.