2012-11-02 14:10:16

Мінск: малітва за загінуўшых у былым лагеры смерці


RealAudioMP3 Сёння, у дзень успаміну ўсіх памерлых, вернікі мінскай парафіі Хрыста Збаўцы маліліся за бязвінных ахвяр Другой сусветнай вайны. Яны сабраліся каля брацкай магілы ў мемарыяльным комплексе “Малы Трасцянец”. На гэтым месцы за адзін толькі дзень 30 ліпеня 1944 г. фашысты спалілі шэсць з паловай тысяч чалавек. Усяго ў Трасцянцы – а гэта быў адзін з самых вялікіх лагераў смерці на акупаванай немцамі тэрыторыі – згінула 206 тыс. чалавек – мірных жыхароў, ваеннапалонных, а таксама грамадзян Польшчы, Аўстрыі, Чэхаславакіі. Сярод іх былі і каталіцкія святары, расказаў пробашч парафіі кс. Юрый Санько. “Гэта трагедыя нашага народу, шмат святароў загінула ў гэтым канцлагеры, шмат вернікаў, якія проста жылі і дзякавалі Богу за тое, што жывуць на гэтай зямлі, аднак адбылося так, што нехта вырашыў іх лёс. І гэта наш хрысціянскі абавязак маліцца за іх. І нават больш таго – выпрошваць у гэтых людзей і для сябе нейкіх ласк, заступніцтва перад Богам, таму што гэта мучанікі, святыя нашых часоў”, - лічыць кс. Санько. Напрыклад, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі – ён загінуў у Трасцянцы за некалькі гадзін да Божага Нараджэння 1942 году.

Могілкі родных Яніны Лук’яновіч знаходзяцца далёка, туды яна яшчэ паедзе, але у гэты дзень прыйшла сюды, каб памаліцца за памерлых, няхай і не знаёмых асабіста, кажа парафіянка. “Гэта вельмі важна, таму што нашы продкі далёка, але мы молімся і як бы адначасова лучымся з імі, молімся і за сваіх продкаў”.

Ушанаваць памяць усіх памерлых сёння прыйшлі каля 15 парафіян. Нягледзячы на няспынны дождж, маліліся пад адкрытым небам. А у будучым, калі ў парафіі з’явіцца свой храм, па задумцы, ён стане помнікам трагедыі ў Трасцянцы і напамінам будучым пакаленням пра павагу да чалавечага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.