Бэнэдыкт ХVI: смерць – балючая, але яе не трэба баяцца
2 лістапада Касцёл
адзначае Успамін усіх памерлых вернікаў. З гэтай нагоды Бэнэдыкт ХVI узначаліць малітву,
якая пройдзе у Ватыканскіх садах. На працягу свайго Пантыфіката Папа неаднойчы звяртаўся
да тэмы смерці і яе хрысціянскага разумення. Папа казаў, што “пазбаўленне чалавекам
зямных прывязанансцяў безумоўна балючае, але мы не павінны баяцца яго”, таму што яно
“не можа парушыць глыбокую сувязь, якая нас аб’ядноўвае з Богам”. Падчас агульнай
аўдыенцыі 2 лістапада 2005 г. Бэнэдыкт ХVI звяртаў увагу на парадокс сучаснага чалавека:
з аднаго боку ён адмовіўся ад хрысціянскай духоўнасці, а з іншага, перад абліччам
смерці, шукае нейкай паралельнай трансцэндэнтнасці. “Ці сучасны чалавек ўсё яшчэ чакае
жыцця вечнага ці лічыць, што яно належыць да міфалогіі?”, - пытаўся Папа . Паводле
Святога Айца, ў наш час, больш чым калі-небудзь, мы вялікую ўвагу надаем зямным справам,
якія часта не дазваляюць думаць пра Бога як пратаганіста гісторыі і нашага жыцця.
2 лістапада 2008 г., перад малітвай “Анёл Панскі”, Папа казаў, што “сёння
неабходна евангелізаваць рэальнасць смерці і жыцця вечнага, рэальнасць, якая асабліва
падвяргаецца сінкрэтызму”. Па словах Папы дамінуючая сёння ментальнасць вядзе да думкі,
што пасля смерці нічога няма. Але той, хто верыць у Хрыста і яго ўваскрасенне ведае,
што смерць “гэта не канец, але пачатак паўнаты жыцця. Па гэтай прычыне той, хто бачыць
вялікую надзею ў смерці, можа таксама жыць поўняй надзеі”,- адзначаў Пантыфік.
Таксама
аб надзеі і смерці Папа казаў падчас агульнай аўдыенцыі 2 лістапада 2011 г. Паводле
Святога Айца “чалавек мае патрэбу ў вечнасці і ўсе іншыя надзеі для яго занадта кароткія
і абмежаваныя”. “Чалавек знаходзіць свой самы глыбокі сэнс толькі тады, калі ёсць
з Богам, - казаў Папа.