2012-11-01 10:10:42

Бэнэдыкт XVI: Сікстынская капэла апавядае аб адносінах Бога да чалавецтва


RealAudioMP3 “Сікстынская капэла – калі сузіраецца ў малітве – становіцца больш прыгожай, больш праўдзівай; адкрывае ўсё сваё багацце”, - сказаў Бэнэдыкт XVI 31 кастрычніка на заканчэнне ўрачыстых Нешпараў, якія прайшлі ў святыні ў 500-годдзе адкрыцця ў ёй фрэсак, шэдэўраў працы Мікеланджэла. Святы Айцец падкрэсліў, што “капэла, па сваёй прыродзе, з’яўляецца літургічнай прасторай”. “Творы мастацтва, якія яе аздабляюць, асабліва цыкл фрэсак, у літургіі знаходзяць сваю жыццёвую прастору, кантэкст, у якім найлепшым чынам могуць выразіць усю сваю прыгажосць, багацце і шырокае значэнне”, - заўважыў Папа. Бэнэдыкт XVI нагадаў, што свае фрэскі Мікеланджэла стварыў на просьбу папы Юлія ІІ у перыяд паміж 1508-1512 гг. Яны займаюць плошчу ў больш чым 1000 кв. м. “Можам уявіць сабе, якое ўражанне яны зрабілі на тых, хто стаў іх першымі сведкамі”, - адзначыў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў словы гісторыка мастацтва Джорджыа Вазары, які назваў творы Мікеланджэла “святлом для ўсяго свету”. “Гаворка не ідзе пра святло, якое паходзіць толькі ад разумнага выкарыстання насычаных і кантрастных колераў або руху, што ажыўляў мікеланджэлаўскі шэдэўр, але ад ідэі, якая прасякае ўсё вялікае скляпенне” і заключаецца ў тым, што “свет – гэта не прадукт цемры, выпадковасці, абсурду; ён паходзіць ад Розуму, Свабоды, найвышэйшага акту Любові”. “Гэта Божае святло асвятляе фрэскі і ўсю Сікстынскую капэлу. Гэта святло, якое сваёй моцай перамагае хаос і цемру, каб дарыць жыццё: у стварэнні і адкупленні. І Сікстынская капэла апавядае гэту гісторыю святла, вызвалення, збаўлення, апавядае аб адносінах Бога да чалавецтва”, - адзначыў Святы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.