Былы нунцый у Беларусі напісаў кнігу пра ІІ Ватыканскі Сабор
Былы Апостальскі нунцый
у Беларусі арцыбіскуп Агасціна Маркета напісаў кнігу, прысвечаную пытанням правільнай
інтэрпрытацыі ІІ Ватыканскага Сабору. Яна атрымала назву “ІІ Экуменічны Ватыканскі
Сабор. За яго карэктную герменэўтыку” і выйшла ў Ватыканскім выдавецтве. Кніга будзе
прадстаўлена 7 лістапада ў Рыме ў прысутнасці вядомых каталіцкіх іерархаў і грамадскіх
дзеячаў: сярод іх Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі кардынал Агасціна Валіні, былы
архіварыус Ватыканскага сакрэтнага архіву і Бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла кардынал
Рафаэле Фарына, заснавальнік “Супольнасці св. Ігідзія” прафесар Андрэа Рыкардзі і
інш.
Бэнэдыкт XVI звярнуўся да тэмы правільнай інтэрпрытацыі рашэнняў ІІ Ватыканскага
Сабору адразу пасля свайго абрання на Пасад св. Пятра. У знакамітай прамове да членаў
Рымскай курыі 22 снежня 2005 г. ён заклікаў да карэктнай герменэўтыкі рэформы (або
абнаўлення) у кантэксце працягласці Традыцыі. Гэтыя словы Святога Айца выклікалі вялікую
зацікаўленасць дадзенай тэмай. Акрамя таго, яны падкрэслілі фундаментальную важнасць
пытання інтэрпрытацыі спадчыны Сабору для карэктнага разумення і недапушчэння яе выкарыстання
ў ідэалагічных мэтах. Выданне сваёй кнігі арцыбіскуп Маркета прымеркаваў да 50 гадавіны
ІІ Ватыканскага Сабору, якая адзначаецца ў гэтым годзе.