2012-10-31 15:50:31

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт споведзі: “убачыў яго здалёк”


RealAudioMP3 Мы працягваем разважанні аб сакрамэнце споведзі. Нагадаю што пры іх падрыхтоўцы я карыстаюся кнігай дапаможнага біскупа Рымскай дыяцэзіі Матэо Дзуппі, якая называецца “Споведзь. Прабачэнне для перамены”. Сёння прапаную у чарговы раз пахіліцца над прыпавесцю пра марнатраўнага (ці блуднага сына) і яго міласэрнага айца. Узгадайце, што пасля таго як сын вырашыў вярнуцца дамоў, яго бацька, “убачыўшы яго здалёк, выбег яму насустрач”. Ён убачыў яго здалёк і пабег, як гэта робяць ўсхваляваныя маці. Ён убачыў яго здалёк, бо чакаў і ўглядаўся ў далечыню. Бацька пабег яму насустрач, бо спяшаўся вярнуць сабе сына, як той, хто па-сапраўднаму любіць. Таксама і Бог: Ён чакае, з даверам глядзіць у далечыню, а затым бяжыць нам насустрач. Любоў перапаўняе і цалкам ахоплівае Яго сэрца.

Айцец не асуджае, але любіць. Ён не чакаў словаў сына, не абвінавачваў яго, не пытаўся ні аб чым, не прэтэндаваў на словы прабачэння, не прыніжаў. Ён абняў яго, каб развянчаць усе сумненні. Гэта вярнуўся яго сын, і айцец хацеў аднаго – аднавіць тую яго годнасць, якую ён згубіў. Любоў абнаўляе і вызваляе ад цяжараў мінулага. Пярсцёнак, вопратка, абутак – гэта сімвалы поўнай годнасці, безумоўнай і канкрэтнай.

“Зробім свята”, - казаў айцец. Гэта свята прабачэння. Гэта нагадвае канец споведзі, да якой мы ўсе прыходзім грэшнікамі, але сустракаемся з абдымкамі пяшчотнай і бязмежнай любові. Мы падыходзім да споведзі прыніжаныя грахом, а адыходзім ад канфесіянала сынамі! Мы з’яўляемся беднымі, слабымі, грэшнікамі, але незаслужана любімымі! Свята прабачэння – гэта не проста свята, але тое, што дае жыццё. На гэтым свяце пануе радасць, ад таго, што жыццё было знойдзена; што была пераможа смерць. Гэта перамога над злом.

У абдымках любячага Айца заключаецца ласка споведзі. Гэта прабачэнне, а не ахвяра. Гэта вельмі сур’ёзная рэч, а не сумная. Калі мы адкрываем, што з’яўляемся грэшнікамі, пачынаем разумець міласэрнасць. Не ўцякаючы, мы знаходзім абдымкі, якія дапаўняюць тое, чаго не хапала, якія аддаюць нам тое, што мы згубілі. Абдымкі Айца робяць нас свабоднымі і здольнымі любіць. Мы пераходзім ад адзіноты да любові. Будучы побач з Ім знаходзім словы, поўню бескарыснага прабачэння. Толькі сустрэўшы прабачэнне пачынаем вучыцца любіць.

Грэх ізаліруе чалавека, адводзіць далёка, вядзе да згубы даверу, зацвярдзеласці, парушэння адносін з бліжнімі і Богам. Прабачэнне ж, вяртае нам нявіннасць, аднаўляе братэрства па ініцыятыве Айца, які арганізуе свята з нагоды вяртання сына – таго, хто вярнуўся да жыцця. Вось што дае прабачэнне – веданне таго, што цябе чакаюць, адчуванне таго, што ты важны, разуменне радасці, якую можам даць іншым, адмаўленне ад думак толькі аб саміх сабе.

Споведзь не паралізуе жыццё, але дапамагае па-сапраўднаму знайсці яго. Суджэнні Бога вельмі адрозніваюцца ад нашых. Ён не асуджае, але збаўляе. Ён дазваляе нам адкрыць усю праўду пра сябе: адкрывае нашы страхі, нявернасць, недахоп любові. Разумеючы і спавядаючыся з іх, мы сустракаемся не з асуджэннем, але з міласэрнасцю. Нажаль, тыя, якія лічаць сябе справядлівымі, пакуль будуць такімі, ніколі не адчуюць гэтай ласкі. Ніколі не адчуюць абдымкаў Айца.








All the contents on this site are copyrighted ©.