2012-10-31 14:39:08

Дырэктар Ватыканскіх музеяў: Сікстынская капэла – гэта катэхізіс, тэалогія і навучанне Касцёла


RealAudioMP3 31 кастрычніка адзначаецца 500-годдзе адкрыцця фрэсак Сікстынская капэлы, аўтарства Мікеланджэла. З гэтай нагоды Святы Айцец узначаліць у ёй 31 кастрычніка вечарам урачыстыя Нешпары. За апошнія гады колькасць наведвальнікаў капэлы павялічылася ўдвая, таму паўстала праблема з захаваннем фрэсак, прызнаўся напярэдадні юбілею дырэктар Ватыканскіх музеяў, у кампетэнцыі якіх знаходзіцца Сікстынская капэла, Антоніа Паўлучы. Ён паведаміў, што дырэкцыя была вымушана замовіць новую сістэмы кандыцыянавання, якая рэгулюе ўзровень пылу і дыяксіду вугляроду ўнутры капэлы, што дазволіць захаваць унікальныя фрэскі на працягу наступных стагоддзяў.

“Сікстынская капэла – гэта не толькі твор мастацтва, гэта таксама невялікая капліца, санктуарый, сімвал Каталіцкага Касцёла”, - адзначыў Паўлучы. Яе фрэскі – гэта своеасаблівы катэхізіс, тэалогія і навучанне Касцёла. “Таму кожны католік, які прыбывае ў Рым, (...) хоча ўбачыць Сікстынскую капэлу, бо яна – сімвал яго веры”,- лічыць дырэктар Ватыканскіх музеяў. Для Антоніа Паўлучы Сікстынская капэла – гэта своеасаблівая “тэалагічна-біблійная шарада”, якую цяжка зразумець нават католіку, бо “тут прадстаўлена ўсё навучанне Касцёла ад стварэння да Апакаліпсісу і тэалогіі цела, якую бл. Ян Павел ІІ дакладна адлюстраваў, углядаючыся ў фрэскі Мікеланджэла”.

Дырэктар Ватыканскіх музеяў паведаміў, што кожны год Сікстынскую капэлу наведвае больш за 5 млн. чалавек, якія з “высока паднятай галавой” намагаюцца расшыфраваць самыя красамоўныя “шарады” гісторыі мастацтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.