2012-10-31 12:52:37

Вера дазваляе выйсці за рамкі ўласнага “я”


RealAudioMP3 “Распаўсюджаная сёння тэндынцыя – адносіць веру да асабістай сферы супярэчыць яе прыродзе”, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі 31 кастрычніка. Сваю катэхезу Святы Айцец прысвяціў камунітарнаму характару веры. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што, канешне, вера – гэта “асабісты акт”, але, у той жа час, яна не з’яўляецца “вынікам асабістых разважанняў” чалавека, але “плёнам адносін, дыялогу, у якім ёсць слуханне, прыняцце і адказ”. “Гэта камунікацыя з Езусам, якая дазваляе высці за рамкі ўласнага “я”, закрытага ў самім сабе, і адкрыцца на любоў Бога Айца”, - сказаў Бэнэдыкт XVI. “Гэта як перараджэнне, у якім адкрываю, што я злучаны не толькі з Езусам, але таксама з усімі тымі, хто ішоў і ідзе па гэтым жа шляху; гэта новае нараджэнне, якое пачынаецца ад хросту і застаецца на працягу ўсяго існавання. Я не магу пабудаваць маю асабістую веру ў асабістым дыялогу з Езусам, таму што вера мне была падорана праз супольнасць вернікаў, Касцёл, і далучае мяне да мноства вернікаў, да супольнасці, не толькі сацыялагічнай, але ўкаранёнай у вечнай любові Бога, які сам з’яўляецца камуніяй Айца, Сына і Святога Духа, Трынітарнай любоўю”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што вера нараджаецца ў Касцёле, вядзе да яго і жыве ў ім. Паводле Папы, “Касцёл, ад самага свайго пачатку, з’яўляецца месцам веры, месцам яе перадачы, месцам, дзе праз Хрост, мы ўключаны ў Пасхальную таямніцу смерці і ўваскрасення Хрыста, якая нас вызваляе з палону граху, дае свабоду дзяцей і ўводзіць у камунію з Богам у Тройцы, у Яго жыццё, якім з’яўляецца любоў”. “Адначасова мы ўключаны ў камунію з іншымі братамі і сёстрамі ў веры, з усім Целам Хрыста”, - сказаў Папа

Святы Айцец таксама звярнуў увагу на тое, што менавіта ў касцёльнай супольнасці вера католікаў умацоўваецца і становіцца больш сталай. “Цікава заўважыць, што ў Новым Запавеце тэрмін “святыя” адносіўся да ўсіх хрысціян, і канешне не ўсе з іх мелі такія якасці, каб быць абвешчанымі Касцёлам святымі. Што ж яны хацелі паказаць гэтым тэрмінам? А тое, што тыя, хто мелі веру ва ўваскрослага Хрыста і жылі ёй, былі пакліканы станавіцца кропкай апоры для іншых, дазваляючы ім увайсці ў кантакт з Асобай і Пасланнем Хрыста, Які паказаў аблічча жывога Бога. Гэта актуальна таксама для нас: хрысціянін, які дазваляе веры Касцёла весці і асвячаць сябе, нягледзячы на свае слабасці, абмежаванні і цяжкасці, становіцца, як акно, адчыненае на святло жывога Бога, якое атрымлівае гэта святло і перадае яго свету”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што кожны хрысціянін павінен клапаціцца аб пердачы веры, і пры гэтым, “не казаць і не дзейнічаць ад уласнага імя, але ў сілы адзінай веры сям’і Божай, Касцёла”. Святы Айцец таксама нагадаў заклік апостала Паўла – сведчыць аб веры ў адзінстве. “Кожны падзел у вызнанні адной і той жа веры – гэта рана на Целе Хрыста, якім з’яўляецца яго Касцёл”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што “мы маем патрэбу ў Касцёле, каб мець пацверджанне нашай веры і сустрэць дары Бога: Яго Слова, сакрамэнты, дапамогу ласкі і сведчанне любові”. “У свеце, дзе, здаецца, што індывідуалізм рэгулюе адносіны паміж людзьмі, робячы іх больш крыхкімі, вера кліча нас быць Касцёлам, носьбітамі любові і адзінства з Богам для усяго рода чалавечага”, - адзначыў Папа на заканчэнне сваё сённяшняй катэхезы.







All the contents on this site are copyrighted ©.