2012-10-30 13:00:15

Праз 20 гадоў пасля выдання Катэхізісу, католікі яго не ведаюць


RealAudioMP3 Сярод шматлікіх заклікаў, якія Бэнэдыкт ХVI скіраваў да католікаў з нагоды Году веры, было запрашэнне да большага знаёмства з Катэхізісам Каталіцкага Касцёла, які можа стаць “сапраўднай падтрымкай нашай веры”. Аб гэтым нагадаў кс. Дарыюш Кавальчык, эксперт Ватыканскага радыё, у сваёй аўтарскай рубрыцы. Святар з жалем заўважыў, што змест Катэхізісу, які выйшаў ужо 20 гадоў таму, да сённяшняга дня застаецца вядомы толькі невялікай частцы вернікаў. “Таму Год веры дае магчымасць паспрабаваць змяніць гэту сітуацыю”, - лічыць езуіт. “Жаданне Бога ўпісана ў сэрца чалавека”, - гэта першыя словы Катэхізісу, заўважыў эксперт. Паводле яго, гэта азначае, што для чалавека асноўнымі з’яўляюцца асабістыя адносіны з Бясконцым. “Жаданне Бога не з’яўляецца памылкай сляпой эвалюцыі ці абсурднай амбіцыяй чалавека, які хоча дасягнуць бясконцасці. Катэхізіс падкрэслівае, што чалавек здольны пазнаць Бога, бо для Яго і Ім быў створаны”, - звярнуў увагу кс. Кавальчык.

Езуіт пытаецца: ці мы сапраўды адчуваем у сабе жаданне Бога? Катэхізіс сцвярджае, што яно можа быць “забытым, няправільна зразуметым і нават адрынутым з боку чалавека”. Паводле святара, зямныя даброты часта заглушаюць у нас жаданне Бога . Існуюць і іншыя прычыны. Напрыклад, дрэнны прыклад вернікаў або імкненне грэшнага чалавека схавацца ад Бога. Таму вывучэнне Катэхізісу Каталіцкага Касцёла – лепшы сродак, каб распаліць у сабе жаданне Бога, - заключае эксперт Ватыканскага радыё.








All the contents on this site are copyrighted ©.