2012-10-30 13:59:39

Беларусь: католікі і праваслаўныя за этычны закон “Аб ахове здароўя”


RealAudioMP3 Католікі і праваслаўныя Беларусі разам змагаюцца з крызісам сям’і. Найважнейшым крокам сталі канкрэтныя прапановы па змяненні беларускага заканадаўства – а менавіта, закона “Аб ахове здароўя”. Яго праект яшчэ будзе разгледзены парламентарыямі ў гэтым годзе, таму прадстаўнікі абедзьвух Цэркваў сабраліся за круглым сталом, каб на стадыі грамадскага абмеркавання ў голас заявіць аб сваёй пазіцыі. А для гэтага зрабілі вялікую працу, адзначыў ксёндз Юрый Санько, адказны за СМІ Канференцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. “20 верасня Канферэнція Каталіцкіх Біскупаў ужо ўнесла свае прапановы. Мы сабраліся, каб падвесці вынік, а таксама вынік сумеснай працы Каталіцкага Касцёла з Праваслаўнай Царквой. Галоўным аспектам з’яўляецца абарона жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, - адзначыў святар. Гэта і ёсць першая і стартавая прапанова – прапісаць у законе, што жыццё пачынаецца з моманту зачацця. Каб эмбрыён лічілі не часткай цела жанчыны, а самастойным чалавекам. І адпаведна валодае усімі правамі – дзе галоўнае права на жыццё.

Сёння ў Беларусі – адно з самых ліберальных заканадаўставаў, што тычыцца перапынення цяжарнасці. Два з трох па неафіцыйных і адзін з трох дзяцей па афіцыйных дадзеных забіваецца ненароджаным. За 20 апошніх гадоў насельніцтва Беларусі магло павялічыцца амаль на 3 мільёны чалавек. Калі б не аборты. І наступствы мы ўжо пажынаем – паведаміў айцец Сергій Лепін, прэс-сакратар Мінскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускай Праваслаўнай Царквы. “Аборт – гэта грэх не толькі таму, што так вучіць Святое Пісанне, але і таму, што абартыўная практыка нясе глабальныя сацыяльна-палітычныя наступствы, прычым негатыўныя, канешне. З абортамі можа “змагацца” не толькі чалавек, які мае пэўныя рэлігійныя ўстаноўкі, але ўсякі, хто клапоціцца аб выжыванні нацыі і будучыні. Таму ў пытаннях барацьбы з абортамі мы гатовы супрацоўнічаць не толькі на міжканфесійным узроўні, але з іншымі арганізвцыямі, якія займаюцца прафілактыкай абортаў”, - паведаміў праваслаўны святар.

Клапаціцца ёсць аб чым. Насельніцтва Беларусі старэе, а у хуткім часе ў рэпрадуктыўны ўзрост увойдзе пакаленне 90-х, калі назіраўся спад нараджальнасці,і тады, кажучы мовай спецыялістаў, краіну чакае дэмаграфічная дыра. А таму сярод прапаноў рэлігійных арганізацый таксама адмова ад сурагатнага мацярынства і стэрылізацыі, а яшчэ скараціць сацыяльныя паказанні для абортаў – кажа Вераніка Сярдзюк, кіраўнік Цэнтра падтрымкі сям’і і мацярынства “Матуля”. “Сёння жанчына, якая мае трэцюю цяжарнасць, можа пазбавіцца ад яе на 20-ым тыдні. Шматдзетнасць – сацыяльнае паказанне для аборта, якое санкцыянавана дзяржавай. Акрамя таго, сацыяльным паказаннем для аборту з’яўляецца страта працы. Такім чынам, замест таго, каб дапамагчы жанчыне знайсці працу, мы адпраўляем яе на аборт”, - з жалем заўважыла кіраўнік цэнтра.

Каб спыніць жанчыну перад абортам прапануецца так званы тыдзень цішіні – каб усё абдумаць, а таксама магчымасць паслухаць сэрцабіццё дзіцяці. Такі метад выкарыстоўваюць у шматлікіх замежных краінах. Напрыклад, Ірландыя, Польшча, Венгрыя забаранілі аборты, акрамя выключных выпадкаў, калі ёсць рэальная пагроза жыццю маці. А так званага асабістага “права на аборт”, да якога апелююць сёння многія, увогуле не прапісана ні ў адным міжнародным акце. Расія, напрыклад, на заканадаўчым узроўні дала медыкам права адмаўляцца ад правядзення абортаў. Беларускія ўрачы такога права не маюць. А таму жадаюць замацавання гэтай нормы ў законе “Аб ахове здароўя”. Акрамя таго, дапамогу жанчыне ў крызісны час аказваюць часта толькі рэлігійныя і грамадскія арганізацыі, паведаміла Ірына Шмак, кансультант па пытаннях сям’і і сужэнства Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі. “Сумесна з Праваслаўная Царквой мы праводзім перадабортнае кансультаванне. Дапамагаем жанчынам. І за год нашай працы больш за сто дзяцей мы выратавалі”, - падзялілася яна.

Пасля размовы ўсе прапановы склаліся ў адзіную рэзалюцыю, якая будзе афіцыйна апублікавана на сайтах Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, а таксама скіравана ў дзяржаўныя органы ўлады і парламентарыям, якія будуць разглядаць закон. Дарэчы, на абмеркаванне за круглым сталом, нягледзячы на запрашэнне, не прыйшлі ні чыноўнікі, ні дэпутаты.







All the contents on this site are copyrighted ©.