2012-10-29 13:39:41

Генсек Сіноду: сям’я і парафія – месцы новай евангелізацыі


RealAudioMP3 “Сінод стаў цудоўным і станоўчым вопытам адзінства ўсяго Касцёла” – так ахарактэрызаваў асамблею яе генеральны сакратар, арцыбіскуп Нікола Этэравіч. На думку арцыбіскупа , Сінод Біскупаў, які сабраў “у духу малітвы і добразычлівасці” каля 450 удзельнікаў з усяго свету, быў цудоўнай магчымасцю падзяліцца вопытам: радасцямі, і цяжкасцямі, якія перажывае Касцёл. Форум дадаў адвагі біскупам з тых краін, дзе хрысціяне церпяць пераслед.

Прысутнасць Патрыярха Канстантынопальскага Баратламея І, Прымаса Англіканскай Царквы, архіепіскапа Кентэрберыйскага Роўэна Уільямса і іншых дэлегатаў шматлікіх хрысціянскіх супольнасцяў і Цэркваў, на думку арцыбіскупа Этэравіча, надала Сіноду экуменічны характар і мабілізавала да яшчэ больш інтэнсіўнага сумеснага пазнання Езуса Хрыста.

Генеральны сакратар біскупскай асамблеі адзначыў таксама, што канкрэтнымі месцамі новай евангелізацыі могуць стаць сям’я і парафія. Таму, паводле яго, Касцёл павінен шукаць новыя метады дапамогі сям’ям, якія перажываюць рознага тыпу цяжкасці. Што тычыцца новых метадаў евангелізацыі ў парафіях, то, на думку арганізатара Сіноду, трэба пашырыць духоўную апеку не толькі над тымі, хто наведвае касцёл, але і выйсці насустрач непрактыкуючым вернікам.








All the contents on this site are copyrighted ©.