2012-10-29 12:31:43

Арганізатар Сіноду: новую евангелізацыю трэба распачаць ад сур’ёзнага рахунку сумлення


RealAudioMP3 28 кастрычніка св. Імшой, якую ўзначаліў Папа ў базыліцы св. Пятра, завяршыўся Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі, што праходзіў на працягу трох тыдняў у Ватыкане. Галоўны арганізатар асамблеі, арцыбіскуп Рына Фізікела, лічыць, што форум паказаў, наколькі рашуча Касцёл жадае ісці па шляху новай евангелізацыі. Ён перакананы, што паслясінадальны перыяд – гэта час, калі трэба “зрабіць сур’ёзны і глыбокі аналіз усяго, што адбылося на Сінодзе”. Іерарх лічыць невыпадковым, што аб перадачы сферы катэхізацыі ў Касцёле Папскай радзе па новай евангелізацыі было абвешчана менавіта на Сінодзе. Гэта зрабіў Папа на апошняй сесіі асамблеі. Паводле старшыні Папскай рады, гэта сведчыць аб цеснай сувязі евангелізацыі і катэхізацыі.

Арцыбіскуп Фізікела лічыць пазітыўным той факт, што сінадальныя айцы не баяліся вострых і балючых тэм. На асамблеі была гаворка не аб абстрактных паняццях, а аб вельмі канкрэтных, звязаных са штодзённым жыццём, выкліках: алкагалізме, наркаманіі, дэпрэсіі, беспрацоўі. Як лек на гэтыя хваробы Касцёл прапанаваў і прапануе моцную сям’ю.

На Сінодзе шмат гаварылася пра патрэбу новай евангелізацыі ў краінах са шматвяковай хрысціянскай традыцыяй. Але ў перыяд глабалізацыі, на думку старшыні Папскай рады па новай евангелізацыі, вельмі цяжка сказаць, хто найбольш патрабуе евангельскай адновы. “Вядома, на Захадзе існуе вострая неабходнасць новай евангелізацыі, бо тут дамінаванне секулярызму вызначыла маштабы пустыні і зацьмення сэнсу Бога, якія па-сапраўднаму драматычныя”, - адзначыў арцыбіскуп Фізікела. І тут, на яго думку, шмат могуць даць “маладыя” Касцёлы: напрыклад у Афрыцы сёння налічваецца больш за 270 тыс. катэхізатараў.

Іерарх перакананы, што новую евангелізацыю трэба распачаць ад сур’ёзнага рахунку сумлення ўнутры самаго Касцёла.







All the contents on this site are copyrighted ©.