2012-10-27 11:41:09

Прадстаўнік Святога Пасаду: Сінод пакінуў Папе вялікі і каштоўны матэрыял


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламбардзі пракаментаваў “Пасланне да Народа Божага” Сіноду Біскупаў. Кіраўнік Залы Друку цытуе словы сінадальных айцоў, якія заклікаюць перамагаць страх верай, а на свет глядзець з мужнасцю, бо хоць ён не пазбаўлены супярэчнасцяў і праблем, заўсёды застаецца светам, які Бог любіць. Прадстаўнік Святога Пасаду ў сваёй аўтарскай рубрыцы на Ватыканскім радыё нагадаў, што “неабходнасць новай евангелізацыі нарадзілася з-за адыходу людзей ад веры і з-за цяжкасцяў у абвяшчанні яе ў розных частках свету”. Тым, што ставіць новыя выклікі для Касцёла, з’яўляюцца глабалізацыя, секулярызацыя і эміграцыі, звярнуў увагу кс. Ламбардзі.

Кіраўнік Залы Друку і дырэктар Ватыканскага радыё лічыць, што Сінод “павінен паспрыяць аднаўленню адзінства Касцёла ва ўсіх рэгіёнах свету, ва ўсіх яго складовых частках – сем’ях, парафіях, сярод святароў і свецкіх вернікаў”, але перш за ўсё ў свядомасці Касцёла. Апошні ўжо на працягу двух тысячагоддзяў вядзе дыялог са светам культуры, навукі, адукацыі, мастацтва. Але не толькі. Касцёл займае актыўную пазіцыю ў абмеркаванні і вырашэнні пытанняў у сферах эканомікі, працы, палітыкі, і робіць гэта дзеля служэння агульнаму дабру.

“Касцёл вядзе канструктыўны дыялог з верннікамі іншых рэлігій”, - нагадаў прадстаўнік Святога Пасаду, і “ён не быў бы сабой, калі б не працягваў шукаць аблічча Бога”, - дадаў ён. На думку італьянскага езуіта, удзельнікі Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі пакінулі Папе вялікі матэрыял, які зараз трэба глыбока вывучыць. Свае думкі і разважанні яны пакінулі таксама Касцёлу ў Год веры, мэтай якога з’яўляецца “актыўнае шуканне шляхоў, месцаў і метадаў дзялення з усімі дарам веры, самым прыгожым і каштоўным з існуючых”, - заключыў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.