2012-10-27 12:51:20

Камісія “Ecclesia Dei” усё яшчэ чакае афіцыйнага адказу ад Брацтва св. Пія Х


RealAudioMP3 27 кастрычніка Папская камісія “Ecclesia Dei” выступіла з заявай, у якой адзначыла, што на сённяшні дзень, пасля трохгадовых дактрынальных і тэалагічных дыскусій, Святы Пасад працягвае чакаць афіцыйнага адказу з боку лефэбрыстаў на два дакументы: “Summorum Pontificum” Бэнэдыкта XVI з 2007 г. і Дактрынальную прэамбулу камісіі “Ecclesia Dei” ад 13 чэрвеня 2012 г. Менавіта ад адказу залежыць урэгуляванне кананічнага статусу Брацтва св. Пія Х у Каталіцкім Касцёле.

Камісія “Ecclesia Dei”, спецыяльна створаная ў рамках Кангрэгацыі Веравучэння для дыялогу з лефэбрыстамі, заяўляе, што для прыняцця правільнага рашэння неабходныя цярпенне, спакой, настойлівасць і давер. Камісія падкрэслівае, што Бэнэдыкт XVI моцна жадае аднаўлення і захавання адзінства ў Касцёле, у тым ліку праз урэгуляванне адносін з Брацтвам св. Пія Х.

Станоўчы адказ на прапановы Апостальскай Сталіцы, якія датычаць абсалютнага прызнання першынства Наступніка св. Пятра і рашэнняў ІІ Ватыканскага Сабору, можа стаць нагодай для надання Брацтву статусу Персанальнай прэлатуры ў рамках Каталіцкага Касцёла.








All the contents on this site are copyrighted ©.