2012-10-26 14:02:32

Пасланне Сіноду ўдзельнікі сустрэлі апладысментамі


RealAudioMP3 26 кастрычніка перадапошні дзень прац Сіноду распачаўся з віншавання новапрызначаных кардыналаў, чацвёра з якіх знаходзіліся ў зале пасяджэнняў. Затым кардынал Джузэпэ Бэторы прадставіў “Пасланне да Народа Божага”. Па яго словах, з малых груп было атрымана 300 паправак і заўваг да першапачатковага тэксту. Рэдакцыя тэксту заняла дастаткова шмат часу, гэтаму быў прысвечаны ўвесь папярэдні дзень. Праца працягвалася да глыбокай начы. Канчатковы тэкст стаў нашмат карацейшым. Многія пункты былі аб’яднаныя з падобнымі або скарочаны. Часам некалькі абзацаў ператваралася ў адзін сказ. Тэкст стаў больш агульным.

Само Пасланне чыталася па частках на некалькіх мовах удзельнікамі групы біскупаў, якія працавалі над яго канчатковым варыянтам. Яно складаецца з 14 пунктаў. Слова “сінод” у перакладзе на беларускую мову азначае “на шляху”. Таму невыпадкова апошні, 14-ы пункт Паслання, завяршаецца фразай: “Як зоркі, якія ярка ззяюць ноччу ў пустыні, так святло Марыі, Зоркі новай евангелізацыі, ярка асвячае наш шлях да неба”. Тэкст паслання носіць аптымістычны характар, але не абыходзіць бокам выклікі сучаснага “часам агрэсіўнага секулярызаванага свету”.

Удзельнікі Сіноду аплыдысментамі сустрэлі “Пасланне да Народа Божага”.







All the contents on this site are copyrighted ©.