2012-10-22 10:57:57

Іспанскі кардынал: мова новай евангелізацыі – гэта мова любові


RealAudioMP3 Мовай новай евангелізацыі павінна быць мова любові, бо толькі яна зразумелая ўсім. Такога меркавання прытрымліваецца арцыбіскуп Барселоны, кардынал Луіс Марцінэс Сістах, удзельнік Сінода Біскупаў, які праходзіць у Рыме. На думку іерарха, новая евангелізацыя з’яўляецца абсалютна неабходнай. “Трэба выйсці з касцёлаў і ісці, туды дзе ёсць людзі. Неабходна навучыцца пазнаваць сацыяльна-рэлігійны і культурны кантэкст нашага свету”, - сказаў кардынал. Паводле іспанскага іерарха нягледзячы на моцную секулярызацыю, людзі не страцілі свае “рэлігійныя пачуцці” і “знаходзяцца ў пошуку сэнсу жыцця”. Да іх неабходна звярнуцца з мовай любові, таму што яна зразумелая усім, і таму што кожны хоча быць любімым і любіць.

Іерарх адзначыў, што Касцёл павінен абвяшчаць Евангелле з двух прычын: па-першае з любові да Езуса, які аддаў за людзей сваё жыццё, памёр на крыжы, дзеля збаўлення ўсіх. А другая прычына: любоў да бліжніх. “Мы любім нашых братоў і хочам падзяліцца з імі лепшым, з таго, што атрымалі: скарбам веры, скарбам збаўлення, якое нам даў Езус. Таму мы хочам абвяшчаць Евангелле. Мы павінны рабіць гэта пераканаўча, каб тыя, хто нас слухаюць маглі сказаць: “Гэтыя людзі па-сапраўднаму вераць і нават жывуць гэтым!”, - адзначыў арцыбіскуп Барселоны.

Кардынал Сістах падкрэсліў, што зараз настаў той час, калі многія задумаліся – а ці сапраўды рэлятывізм – гэта найлепшая дарога для чалавецтва: “Ці сапраўды кожны можа рабіць толькі тое, што хоча? Ці не існуе пэўнага парадку рэчаў. Куды вядзе ўсё гэта?” Паводле іерарха рэлятывіскі стыль мыслення прывёў да эгаізму, індывідуалізму і пошуку ўласнага дабрабыту любым коштам. Доказам гэтага, паводле яго, з’яўляецца эканамічны крызіс, які наступіў.








All the contents on this site are copyrighted ©.