2012-10-19 14:11:32

Кардынал Дзівіш: мы павінны прадставіць Касцёл новым і прывабным чынам


RealAudioMP3 Кардынал Станіслаў Дзівіш арцыбіскуп Кракаўскі, які прымае удзел у Сінодзе Біскупаў, у інтэрв’ю нашаму радыцыё прызнаўся, што аўтарам паняцця “новая евангелізацыя” быў бл. Ян Павел ІІ, які бачыў глыбокія грамадскія пераўтварэнні ў апошнія гады ХХ ст. Іерарх нагадаў, што благаслаўлёны Пантыфік яшчэ ў 1979 г. у Кракаве гаварыў пра гэта, бо бачыў, што хрысціяне занадта далёка адышлі ад Хрыста і Касцёла. Паводле былога асабістага сакратара Яна Паўла ІІ, “ніколі не запозна абвяшчаць Евангелле ў свеце і для ўсяго свету, і не толькі хрысціянам”. Ён лічыць, што свет стаміўся і чакае ад удзельнікаў Сіноду моцных, яскравых і мужных слоў.

Арцыбіскуп Кракаўскі падкрэсліў, што сэрцам новай евангелізацыі з’яўляецца сям’я, якая перажывае крызіс. Ён нагадаў словы Бэнэдыкта ХVI, які сцвердзіў, што “крызіс веры і крызіс сям’і звязаныя паміж сабой”. Паводле іерарха, гэта асаблівым чынам праяўляецца ў Еўропе, бо ў краінах за межамі Старога кантыненту, сям’я застаецца моцным інстытутам. Ён адзначыў, што на Сінодзе шмат гаворыцца аб моладзі, якая чакае ад асамблеі канкрэтных адказаў на выклікі новай евангелізацыі. “Мы павінны прадставіць Касцёл новым, пераканаўчым, прыгожым і прывабным чынам, таму што моладзь вельмі адкрытая на ўсё прыгожае і сапраўднае”, - перакананы кардынал Дзівіш.








All the contents on this site are copyrighted ©.