2012-10-18 12:15:17

Папская камісія па культурнай спадчыне спалучана з Папскай радай па культуры


RealAudioMP3 Бэнэдыкт ХVI сваім Motu proprio “Pulchritudinis fidei”, выданым 30 ліпеня 2012 г. паведаміў аб сваім рашэнні далучыць Папскую камісію па культурнай спадчыне Касцёла да Папскай рады па культуры, што павінна адбыцца 3 лістапада 2012 г. Кардынал Джанфранка Равазі, які ўзначальвае Папскую раду, у інтэрв’ю сённяшняму “L’Osservatore Romano” патлумачыў матывы і наступствы такога рашэння Святога Айца. Іерарх нагадаў, што ў 1924 г. папа Пій ХІ стварыў Папскую цэнтральную камісію па культурнай спадчыне ў Італіі, для аховы гістарычна-мастацкай спадчыны Касцёла выключна ў гэтай краіне. Затым папа Ян Павел ІІ сваёй апостальскай канстытуцыяй “Pastor bonus” ад 28 чэрвеня 1988 г. ператварыў яе ў Папскую камісію па захаванні мастацкай і культурнай спадчыны Касцёла, якая падлягала Кангрэгацыі па справах Духавенства. У 1993 г. той жа Пантыфік дэкрэтам “Inde a pontificatus” зацвердзіў стварэнне Папскай камісіі па культурнай спадчыне Касцёла. Ян Павел ІІ надаў ёй самастойнасць, а яе старшыня станавіўся членам Папскай рады па культуры.

Кардынал Равазі лічыць, што ўключэнне Папскай камісіі ў Раду паспрыяе таму, што сусветная гістарычна-мастацкая спадчына Касцёла, якая патрабуе аховы, атрымае сваё годнае месца ў культунай дзейнасці Апостальскай Сталіцы. Ён адзначыў, што камісія стане свайго роду дэпартаментам унутры Папскай рады па культуры, на падабенства камісіі па веры і культуры, ініцыятывы “Падворак язычнікаў“ і нядаўна створанай камісіі па справах спорту. “Мастацтва і вера павінны нагадаць сабе, што з’яўляюцца сёстрамі”, - заключыў кардынал Равазі.







All the contents on this site are copyrighted ©.