2012-10-18 12:34:01

Кардынар Вюрл падвёў вынікі першых 10 дзён прац Сіноду


RealAudioMP3 18 кастрычніка Сінод Біскупаў пачаў новы этап прац: удзельнікі працуюць у малых тэматычных групах. На павестцы 10 тэм. Іх вызначыў 17 кастрычніка галоўны рэлятар Сіноду, кардынал Дональд Вюрл, падсумаваўшы прапановы саміх удзельнікаў. Яны тычыліся разнастайных форм далучэння моладзі і сем’яў да новай евангелізацыі, укладу парафій і супольнасцяў, новых метадаў катэхізацыі. Кардынал Вюрл абапіраўся ў сваіх прапановах на словы Святога Айца, сказаныя на адкрыцці Сінода, аб усеагульным пакліканні да святасці і сведчанні ўласным жыццём.

Арцыбіскуп Вашынгтонскі акрэсліў тэмы для далейшага разгледжання, такія як вызначэнне самой прыроды новай евангелізацыі ў сучасным кантэксце штодзённага служэння Касцёла і пастырскі адказ на новыя выклікі, беручы пад увагу тыя касцёльныя ініцыятывы ў розных краінах свету, якія аказаліся паспяховымі. Кардынал чарговы раз падкрэсліў цэнтральную ролю асобы Хрыста ў працэсе новай евангелізацыі. Ён засяродзіў увагу Сінадальных айцоў на тым, што менавіта Хрыстус і Яго Евангелле стаяць у цэнтры Божага аб’яўлення. Гэта пасланне, па словах галоўнага рэлятара, трэба данесці да ўсіх католікаў, асабліва малаактыўных, а таксама абвяшчаць Божае слова тым, хто яшчэ далёкі ад Касцёла.








All the contents on this site are copyrighted ©.