2012-10-17 17:36:01

"З сэрцам у кантакце". Евангелічная прыпавесць: схаваны ў зямлі скрарб і каштоўная перліна (ХІІІ)


RealAudioMP3 Пасярод уступных пытанняў, якія датычаць Царства Божага, павінна быць, відавочна, таксама пытанне яго вартасці, як жыццёвага шансу для чалавека. Гэта пытанне стаецца ў пэўны спосаб звязваючым звяном паміж папярэднімі разважаннямі пра заснаванне Царства і яго дынаміку, і далей – пра прыняцце ў яго. Пакліканы да ўдзелу ў Царстве павінен ведаць, дзеля чаго яму трэба адказваць на Божае пакліканне.

Галоўнае павучэнне прыпавесці ў гэтай справе атрымала лаканічную форму, наогул зразумелую для сучасных людзей, але тым ня менш форму, якая ўражвае. Прастата гэтага павучэння кантрастуе з поўным колераў вобразам Царства, якое малююць прарокі Старога Запавету. Мова пойдзе пра дзьве прыпавесці-блізняты.

Прыпавесці-блізняты

Падае іх толькі св. Мацвей, адна за адной, у рамках свайго «дня прыпавесці», пасля тлумачэння прыпавесці пра пустазелле.

Мц. 13:44-46
44 Падобна Валадарства Нябеснае да скарбу, схаванага ў зямлі, які ўтойвае чалавек, што знайшоў яго, і ў радасці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе тую зямлю.
45 Таксама падобна Валадарства Нябеснае да чалавека купца, які шукае прыгожыя перлы.
46 Ён, знайшоўшы адзін каштоўны перл, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яго.

Сур'ёзныя цяжкасці сустракаюцца на шляху таго, хто хацеў бы прасачыць дарогі прадмацвеевай традыцыі вуснай ці пісьмовай абодвух прыпавесцяў-блізнятаў. Гэтыя цяжкасці паходзяць з прычыны адсутнасці паралельных тэкстаў у Сіноптыкаў. Што праўда, абедзьве прыпавесці знаёмыя з Евангеллем Фамы, якое падае іх асобна, але яго дапамога тут зусім марная.

Гэта таму, што тэкст Евангелля Фамы ёсць значна «здэградаваны» (J.Jeremias), калі мова ідзе пра скарб, а ў прыпавесці пра перла мае выразна гнастычны характар. Вось гэты тэкст: «Ісус сказаў: Царства падобна да чалавека, які ў сваёй зямлі меў схаваны скарб, пра які нічога не ведаў. Калі `ён памёр, то пакінуў яе свайму сыну. Сын нічога не ведаў, ён прыняў зямлю ва ўладанне ды прадаў яе. Пакупнік прыйшоў ды калі араў знайшоў скарб. Пачаў ён пазычаць грошы пад працэнты, каму хацеў» (EvTh 109). «Ісус сказаў: Царства Айца падобнае да купца, у якога быў тавар і ён знайшоў перл. Гэты купец быў мудры. Ён прадаў тавар, а набыў сабе толькі перл» (EvTh 76).

Першасны тэкст мае вельмі блізкую паралель у рабіністычным Мідрашы да Песн. 4:12, дзе напрыканцы ёсць мова аб роспачы таго, хто прадаў зямлю неразважліва (StrBill I, 674). Аж занадта кідаецца ў вочы кантраст паміж зместамі гэтых двух далёкіх паралеляў у параўнанні з прыпавесцю Мацвея.

Адкуль паходзяць вобразы прыпавесцяў

Абодва вобразы гэтага спалучэння прыпавесцяў з'яўляюцца для нас сёння зразумелымі, варта аднак прыглядзецца некаторым дэталям. Некаторыя гістарычныя данные дазволяць нам лягчэй ацаніць уражанне, якое аказалі абедзьве прыпавесці на слухачоў Ісуса, якія чакалі прадказанага прарокамі Царства.

Закапванне скарбаў з мэтаю іх схавання – гэты спосаб быў практыкаваны са старадаўніх часоў, як сведчыць пра гэта Вяргілій у Энаідзе (І, 358-359), аж да апошняй акупацыі, пра што не адзін з нас памятае. У Палестыне аднак такое хаванне скарбаў здаралася значна часцей з-за нястомнай змены ваюючых войскаў – акупантаў ці суседзяў. Таму часта людзі ў той час клалі свой пажытак, пераважна ў постаці манетаў, да гліняных урнаў або скрыняў, якія потым закапвалі ў зямлю або хавалі ў цяжка даступных гротах. Так бывала і з духоўнымі скарбамі ў постаці каштоўных скруткаў святых пісанняў, як пра тое сведчыць знаходка ў Кумран.

Як закапанне скарбаў, гэтак і іх прыпадковая знаходка – гэта тэма вядомая са старажытнай літаратуры. З паэтаў пра тое ўзгадва Гарацый (Сатыры, ІІ, 6 11-12), а з юрыстаў Паўлюс (Digesta LXI,1). У першага аўтара – найміт, пасля набыцця поля на ўласнасць, надалей яе апрацоўвае, у другога ў законе абгрунтоўваецца ў такім выпадку права на ўласнасць.

Найбольш цікавай ёсць для нас пэўная рабіністычная паралель, героем якой ёсць Авва Юдан (І стагодзе): «Калі ён араў, адчынілася перад ім зямля, карова ягоная там упала і зламала нагу. Ён сышоў уніз, каб выцягнуць карову. Тады Бог прасвятліў яму вочы, так што знайшрў там скарб. Сказаў: На маё шчасце карова зламала нагу!» (Rabba да Святар. 5 [108e]).

На гэтым, сябры, я сканчваю сённяшнюю перадачу, з тым, каб працягнуць гэту тэму ў наступнай праграме. У наступнай жа праграме я больш падрабязна распавяду пра купца перлаў ды пра агульнае павучэнне гэтых прыпавесцяў-блізнятаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.