2012-10-17 11:20:23

100 гадоў таму нарадзіўся Ян Павел І


RealAudioMP3 Сёння адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння папы Яна Паўла I. Патрыярх Венецыі кардынал Лучані быў абраны на папскі пасад у жніўні 1978 г. пасля смерці Паўла VI. Ён прабыў на ім усяго 33 дні і памёр ад сардэчнага прыступу 28 верасня 1978 г. Пасля чаго пачаўся адзін з самых працяглых пантыфікатаў у найноўшай гісторыі Каталіцкага Касцёла, эпоха першага Папы-славяніна. Яна Павел І нарадзіўся ў сям’і рабочага-будаўніка, які лічыў сябе сацыялістам, вучыўся ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце, дзе атрымаў ступень доктара тэалогіі. Пасля абрання на папскі пасад ён распавёў журналістам пра сваіх любімых пісьменнікаў, сярод якіх Марк Твэн, Франчэска Петрарка, Вальтэр Скот, Чарльз Дыкенс, Гілберт Кіт Чэстэртан. Як вядома, Марк Твэн быў атэістам, а яшчэ два аўтары з гэтага спісу былі пратэстантамі.

Ян Павел І выказваўся супраць палітыкі “гістарычнага кампрамісу”, прапанаванай італьянскімі камуністамі, што не перашкаджала яму прызнаваць за католікамі права быць членамі кампартыі пры ўмове захавання імі веры. Пра атэізм ён казаў, што адна з прычын, якія спараджаюць яго, заключаецца ў супярэчнасці паміж словамі і справамі Касцёла.

28 верасня 1978 г. у Рыме выйшлі экстранныя выпускі газет з велізарнымі загалоўкамі аб смерці папы Яна Паўла I. Раніцай ён быў знойдзены мёртвым у сваёй спальні. У 2003 г. пачаўся беатыфікацыйны працэс Яна Паўла І.







All the contents on this site are copyrighted ©.