2012-10-16 14:22:26

На Сінодзе Біскупаў гаварылі пра дапамогу разведзеным


RealAudioMP3 Чарговы дзень прац Сіноду Біскупаў адзначыўся выступленнямі іерархаў і свецкіх вернікаў з некалькіх кантынентаў. Кардынал Тэлесфорэ Топа з Індыі адзначыў, што крызіс Касцёла ў Еўропе – гэта крызіс веры. На яго думку адным з выхадаў з яго з’яўляецца аднаўленне керыгмы – абвяшчэння сутнасці веры. З ім пагадзіўся іерарх з Уганды біскуп Ёсэф Зіва. На яго думку, новая евангелізацыя павінна быць абавязкова звязана з адукацыяй. Ён нагадаў, што, калі хрысціянскія місіянеры прыбылі ў Афрыку, то разам з храмамі будавалі і школы. Біскуп Ірыо Грэх з Мальты заклікаў не забывацца аб разведзеных і не выключаць такіх людзей з парафіяльных супольнасцяў.

Кардынал Курт Кох у сваім выступленні спыніўся на экуменічным вымярэнні хрысціянства. А аўдытар Сіноду, свецкі католік з Санкт-Пецярбурга Міхаіл Фацееў распавёў аб сумеснай працы паміж праваслаўнымі і каталікамі ў сваім горадзе. Вопытам адраджэння веры ў Сібіры падзяліўся з Сінадальнымі Айцамі біскуп з Новасібірска Іосіф Верт. Яшчэ адзін іерарх з краін былога СССР, Арунас Панішкайціс з Літвы падкрэсліў ролю шанавання мясцовых святых у справе новай евангелізацыі. У прыватнасці ён спыніўся на кульце бл. Юрыя Матулевіча.

Спецыяльна для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Міхал Гольдзін







All the contents on this site are copyrighted ©.