2012-10-16 11:20:04

Кардынал Дзівіш: бл. Ян Павел ІІ быў гігантам веры


RealAudioMP3 16 кастрычніка адзначаецца 34 гадавіна абрання кардынала Караля Вайтылы на Пасад св. Пятра. Сённяшняя “L’osservatore Romano” прысвяціла гэтай падзеі вялікае інтэрв’ю з кардыналам Станіславам Дзівішам, былым асабістым сакратаром Яна Паўла ІІ. Іерарх прызнаўся, што яго проста “паралізавала”, калі пачуў вынікі канклава. Шмат хто звярнуў увагу на спакой, з якім яшчэ тады “невядомы” арцыбіскуп Кракаўскі прыняў заданне, якое напалохала б многіх, узгадаў ён.

Кардынал Дзівіш лічыць, што ўсё асабістае і святарскае жыццё Караля Вайтылы было падрыхтоўкай да гэтай унікальнай і цяжкай місіі. “Ён жыў у цяжкі для польскага народу перыяд : спачатку пад нацысцкай акупацыяй, а затым камуністычным рэжымам”, - нагадаў іерарх і дадаў, што ўся дзейнасць Папы – яго сустрэчы з людзьмі, рашэнні, апостальскія падарожжы, абвяшчэнне Божага Слова, адбываліся пры пастаяннай малітве. Кардынал нагадаў словы Бэнэдыкта ХVI, які сказаў, што Ян Павел ІІ “дапамог нам не баяцца праўды, бо яна з’яўляецца гарантам свабоды”. “Ян Павел ІІ меў гіганцкую сілу, таму, што быў гігантам, гігантам веры”, - адзначыў арцыбіскуп Кракаўскі.

Былы асабісты сакратар Яна Паўла ІІ, гаворачы аб Сінодзе Біскупаў па новай евангелізацыя, які праходзіць зараз у Ватыкане, падкрэсліў, што евангелізацыю Ян Павел ІІ прымаў заўсёды блізка да сэрца. “Ён гаварыў аб новай евангелізацыі, бо сам быў вялікім евангелізатарам. У сённяшнім свеце можна евангелізаваць дзякуючы сапраўдным сведкам веры і сапраўдным пастырам”, - падкрэсліў іерарх. На яго думку, менавіта такім быў Ян Павел ІІ.

“Ён не літаваўся над сабою на працягу ўсяго свайго пантыфікату бо хацеў, каб праўда пра Хрыста дайшла да ўсіх, да тых, хто яшчэ аб Ім не чуў, але таксама і да тых, хто аб Ім забыўся ў пустыні, якую стварыў секулярызм, дзе чалавек жыве так як быццам бы Бог не існаваў”, - сказаў кардынал Дзівіш.








All the contents on this site are copyrighted ©.