Кардынал Равазі: калі я чую слова “сабор”, сэрца пачынае біцца мацней
Кардынал Джанфранка
Равазі падзяліўся сваімі ўспамінамі пра падзеі апошняга Сабору, у дні інаўгурацыі
якога будучы іерарх распачаў сваю вучобу ў Рыме на Папскім Грыгарыянскім універсітэце.
Старшыня Папскай рады па культуры адзначыў, што нават здалёк назіраючы за падзеямі
сабору бачыліся змены, напрыклад, у метадах і акцэнтах выкладання прафесараў ва ўніверсітэтах.
“Сабор вызначыў маё жыццё. Да сённяшняга дня, калі я чую слова “сабор”, яшчэ мацней
б’ецца маё сэрца і я адчуваю сябе абавязаным больш годна перажываць сваю веру”, -
прызнаўся кардынал.
Падсумоўваючы падзею, якая мела месца 50 гадоў таму, кардынал
Равазі вызначыў тры яе асаблівасці. Першая з якіх – абнаўленне і вяртанне да вытокаў,
гэта рух у будучыню разам са светам, які змяняецца, але, у той жа час, улічваючы пачаткі
хрысціянства. З пункту гледжання кардынала, гэта першая асаблівасць была галоўнай
ідэяй ІІ Ватыканскага Сабору. Часам рэалізацыя гэтага ідэалу адбывалася захутка, прыводзячы
да скажэнняў, звярнуў увагу ватыканскі іерарх. Другая ідэя, якую вызначыў Сабор –
першынства Божага Слова.
Апошняя ж – на думку кардынала Равазі – дыялог і
канфрантацыя са светам. Хоць некаторыя рэаліі грамадска-культурнага жыцця з таго часу
змяніліся, але само стаўленне Сабору да іх, выказанае ў канстытуцыі “Gaudium et spes”,
надалей застаецца прыкладам дзейнасці для ўсяго Касцёла, адзначыў старшыня Папскай
рады па культуры.