2012-10-15 16:52:14

Cёмы дзень Сіноду: эпоха “новага мучаніцтва” ад секулярнага і антырэлігійнага свету


RealAudioMP3 Cёмы дзень працы генеральнай асамблеі Сіноду, 15 кастрычніка, быў прысвечаны выступам Сінадальных Айцоў. Была звернута ўвага не толькі на цяжкасці, з якімі спатыкаюцца хрысціяне Афрыкі, у прыватнасці Малі, але і паслядоўнікі Хрыста на еўрапейскім кантыненце, дзе глабалізацыя і секулярызм фарміруюць новыя віды “мучаніцтва”, дзе Бога не толькі выключаюць з усіх сфер, але і часам зусім Яго не ведаюць. Новая евангелізацыя, паводле ўдзельнікаў асамблеі, можа абапірацца тут на тры інструменты: свецкія вернікі, сем’і, экуменічны і міжрэлігійны дыялог. Кардынал Ёсіп Базаніч з Харватыі адзначыў важнасць памяці аб мучаніках за веру ў краінах, якія нядаўна перажылі пераслед. Яны прынеслі плён у выглядзе мноства “новых хрысціян”, дзякуючы чаму Касцёл адрадзіўся. Цяпер наступіла эпоха “новага мучаніцтва” ад секулярнага, антырэлігійнага, неталерантнага свету.

Кардынал Антоніа Марыя Вэльё адзначыў важную ролю эмігрантаў у стварэнні моцных супольнасцяў. Старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў звярнуў увагу на падтрымку гэтых катэгорый вернікаў, бо іх прысутнасць у Касцёле з’яўляецца выразам салідарнасці і дыялогу са светам.

Арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай рады па справах сям’і, спыніўся ў сваім выступе на ролі сям’і, якая павінна быць суб’ектам новай евангелізацыі, а Касцёл павінен стацць сям’ёй сем’яў. Іерарх звярнуў асаблівую ўвагу на рызыку страты сутнасці, сэнсу і важнасці сям’і. Яна павінна стаць у цэнтры палітыкі, эканомікі і культуры. Іерарх прыгадаў словы бл. Яна Паўла ІІ, што менавіта “сям’я павінна натхняць новую евангелізацыю”.


Старшыня Паскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, кардынал Франчэска Кокопальмэрыё ўзняў тэму супрацоўніцтва паміж супольнасцямі, асабліва хрысціянскімі, прыгадаўшы, што патрэбна не канфрантацыя, але супрацоўніцтва, асабліва з Праваслаўнай Царквой. Улічваючы наступствы секулярызму, ёсць патрэба ў цесным супрацоўніцтве паміж супольнасцямі, а таксама ў больш актыўнай ролі свецкіх. Кардынал падкрэсліў станоўчы вопыт супрацоўніцтва, і як прыклад прывёў падпісанне сумеснага паслання Канферэнцыі Біскупаў Польшчы і Рускай Праваслаўнай Царквы.

Біскупы Сірыі і Пакістана падзяліліся вопытам новай евангелізацыі ў сваіх краінах, асабліва сярод маладых людзей. Яны паведамілі, што мусульманская моладзь часта прымае хрысціянства, шукаючы у вобразе Бога любячага Айца.








All the contents on this site are copyrighted ©.