2012-10-15 15:55:16

100-годдзе з дня нараджэння Яна Паўла І


RealAudioMP3 На гэтым тыдні, 17 кастрычніка, адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння Яна Паўла І. Папа, чый пантыфікат доўжыўся ўсяго 33 дні, быў першым у гісторыі Пантыфікам, які прыняў два імені. На наступны дзень пасля абрання, ён патлумачыў, што зрабіў гэта ў гонар двух сваіх папярэднікаў, Яна XXIII, які ўдзяліў яму біскупскую сакру, і Паўла VI, які падчас свайго 15-гадовага пантыфікату паказаў свету “як трэба любіць, служыць, як працаваць і цяперпець для Хрыстовага Касцёла”. Пантыфік дадаў, што не мае “мудрасці сэрца папы Яна” і “падрыхтоўкі і культуры папы Паўла”, але апынуўся на іх месцы і павінен старацца так як яны служыць Касцёлу. Гэтыя словы былі сустрэты на плошчы св. Пятра шквалам апладысментаў, бо былі ўспрыняты ўсімі як “сумленнае прызнанне сваіх здольнасцяў” і “вялікае сведчанне пакоры”.

Выступленні Яна Паўла I падкупалі сваёй прастатой. Папы звычайна прамаўлялі ўжываючы адносна сябе множны лік “мы”. Ён жа звяртаўся да ўсіх, як бацька да сваіх дзяцей. Акрамя таго, упершыню за апошнія 75 гадоў – пасля папы Пія X – на Пасад св. Пятра ўзыйшоў вопытны душпастыр. Ян Павел І ніколі не працаваў у Рымскай курыі ці папскай дыпламатыі. Казалі нават, што ў Рым ён ездзіў настолькі рэдка, наколькі гэта было магчыма.







All the contents on this site are copyrighted ©.