2012-10-13 11:11:00

Папа абедаў з удзельнікамі ІІ Ватыканскага Сабору і Сіноду Біскупаў


RealAudioMP3 12 кастрычніка Папа прыянў на абедзе ўдзельнікаў ІІ Ватыканскага Сабору, старшынь епіскапатаў розных краін свету і ўдзельнікаў Сіноду па новай евангелізацыі. На прывітанне Святы Айцец нагадаў, што “прыгожую традыцыю” супольных абедаў у перапынку прац Сінодаў пачаў яшчэ Ян Павел ІІ. Бэнэдыкт XVI выказаў сваю радасць прысутнасцю на сустрэчы Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея І і архіепіскапа Кентэрберыйскага Роўэна Уільямса. “Для мяне гэта камунія з’яўляецца знакам таго, што мы знаходзімся на шляху да адзінства і ў сэрцы рухаемся наперад. Няхай Пан дапаможа нам ісці наперад таксама і знешне”, - сказаў Папа. Паводле Святога Айца радасць быцця разам умацоўвае ў выкананні евангелізацыйнай місіі. Ён параўнаў Сінод, назва якога паходзіць ад слова “synodos” і азначае “супольны шлях”, з евангельскім шляхам вучняў Хрыста ў Эмаўс, “якія з’яўляюцца вобразам сучаснага агнасцытычнага свету”.

“Езус – іх надзея – памёр; свет апусцеў; здавалася, што Бога па-сапраўднаму не было і Ён не цікавіцца намі. З гэтым адчаем у сэрцы, але ўсё ж з маленькім агеньчыкам веры, яны ішлі наперад. Пан патаемна ішоў побач і дапамог ім лепш зразумець таямніцу Бога, Яго прысутнасць у гісторыі, Яго маўклівыя крокі побач з намі. Напрыканцы, падчас вячэры, калі слуханне словаў Пана ўжо запаліла іх сэрцы і асвяціла розум, яны пазналі Яго і нарэшце іх сэрцы пачалі бачыць”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што ўдзельнікі Сіноду знаходзяцца на падобным шляху разам са сваімі сучаснікамі. Ён заклікаў маліцца, каб Пан асвяціў іх розум і сэрцы каб яны маглі таксама ўбачыць Бога і прынесці свету Яго святло.








All the contents on this site are copyrighted ©.