2012-10-12 14:59:10

Біскуп Кашкевіч аб ініцыятывах у рамках Года веры


RealAudioMP3 11 кастрычніка на плошчы св. Пятра ў Рыме адбылася адна з самых важных падзей у гэтым годзе ў жыцці Каталіцкага Касцёла – святкаванне 50-годдзя ІІ Ватыканскага Сабора і адкрыццё Года веры. На ўрачыстую св. Імшу, якую узначаліў Папа прыехалі іерархі з усіх пяці кантынентаў. Тут былі прадстаўнікі іншых канфесій, а таксама сведкі ІІ Ватыканскага Сабора. Сярод гасцей Вечнага Горада таксама і каталіцкія іерархі з Беларусі: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які прымае ўдзел у Сінодзе па новай евангелізацыі і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Біскуп Кашкевіч, завітаў у нашу студыю і расказаў аб запланаваных у рамках Года веры ініцыятывах у Беларусі.

Якім чынам адзначаецца ў Беларусі пачатак Года веры?

На пачатку Года веры хочацца данесці як мага больш інфармацыі да духавенства і вернікаў Беларусі, да беларускага грамадства аб Годзе веры, які распачаўся 11 кастрычніка ў Каталіцкім Касцёле. У касцёлах чытаецца Апостальскае Пасланне “Porta fidei”, адбываюцца малітвы аб добрых плёнах Году для ўсяго Паўсюднага Касцёла, вернікі моляцца аб умацаванні веры. Праз сродкі масавай інфармацыі – тэлебачанне, радыё і інтэрнэт асвятляюцца галоўныя аспекты веры і яе значэнне для веруючага чалавека. Мая прысутнасць на адкрыцці Года веры – гэта доказ духоўнай лучнасці са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI і ўсім Паўсюдным Касцёлам, а таксама доказ таго, што Касцёл у Беларусі хоча дзейсна перажываць веру.

Што такое новая евангелізацыя ў кантэксце Касцёла у Беларусі ?

Перш за ўсё новая евангелізацыя для Касцёла ў Беларусі – гэта заклік да таго, каб заўважыць знакі часу і даць адказ на сучасныя грамадскія выклікі. Сёння заўважваецца, што адбываецца пераход ад перыяду “вясны” – адраджэння Касцёла, пасля гадоў пераследу, да перыяду духоўнага станаўлення і хрысціянскага фарміравання грамадства. Да заданняў новай евангелізаціі можна далучыць душпастырскую дзейнасць і размовы з рознымі слаямі беларускага грамадства. Актуальным сёння з’яўляецца ўказанне таго, што дзякуючы перажыванню веры і знаёмству з навучаннем Касцёла, можна знайсці адказы на крызыс у сферы маральнасці, эканомікі, каштоўнасцей. Вельмі патрэбна сёння, каб аўтарытэт Касцёла правільна фарміраваў грамадскую думку і сумленне вернікаў.

Якія ініцыятывы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі на Год веры?

Каталіцкія Біскупы звярнуліся да святароў, законнікаў, законніц і свецкіх вернікаў са спецыяльным пасланнем ў якім акрэсліваюцца галоўныя напрамкі душпастырскай дзейнасці. Гэта будуць сумесныя ініцыятывы для чатырох дыяцэзіі – з нагоды 400-годдзя прыбыцця ў Будслаў абразу Маці Божай – перегрынацыя гэтага абразу, перэгрынацыя рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Сумесная арганізацыя гэтых мерапрыемстваў і правядзенне сімпозіўмаў.

Усе біскупы падкрэслілі неабходнасць, дзе гэта магчыма, аднаўлення і ўстанаўлення крыжоў і рэлігійных сімвалаў. Мы хочам адгукнуцца на заклік Святога Айца і прыкласці намаганні, каб вера у нашых грамадстве мела не толькі унутранае, але і знешняе вымярэнне. У сувязі з гэтым будуць арганізоўвацца пілігрымкі, канферэнцыі, адкрытыя для усіх жадаючых, а асабліва для прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій і людзей навукі.

Якія ініцыятывы на Год Веры ў Гродзенскай Дыяцэзіі?

Акрамя сумеснай праграмы на Год веры ў Беларусі, кожная дыяцэзія на лакальным узроўні уключыцца ў перажыванне Году веры. Так у Гродзенскай дыяцэзіі святары і катэхэты заклкаюцца лепш рыхтаваць казанні і катэхэзы для дарослых аб значэнні Апостальскага Сімвалу Веры. Для падкрэслення неабоднасці сведчання веры, мы хочам стварыць евангелізацыйныя групы для дарослых і маладых вернікаў.

На заканчэнне Году веры ў знак падзякі за яго перажыванне ў Гродзенскай дыяцэзіі плануецца дыяцэзіяльная пілігрымка святароў і вернікаў у Рым.

Усе гэтыя ініцыятывы хочам угрунтаваць на моцным фундаменце малітвы. У Гродзенскай дыяцэзіі ў кожную нядзелю Года веры будзе адбывацца малітва аб умацаванні веры. Праз якую хочам данесці да вернікаў, што добрыя плёны Года Веры, залежаць ад нашай духоўнай сувязі з Богам. Сёння патрэбна моцнай хрысціянская духоўнасць, каб пераканаць іншых, аб тым што варта верыць і дзяліцца верай з іншымі.

Размаўляў кс. Аляксандр Амяльчэня








All the contents on this site are copyrighted ©.