2012-10-11 12:28:07

Бэнэдыкт XVI на адкрыццё Года веры: патрэба ў новай евангелізацыі сёння большая, чым 50 гадоў таму


RealAudioMP3 11 кастрычніка на плошчы св. Пятра ў Рыме адбылася ўрачыстая св. Імша з нагоды 50-годдзя адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабора і пачатку Года веры, абвешчанага Бэнэдыктам XVI для таго, каб вернікі пераглядзелі свае адносіны з Богам і зрабілі іх больш глыбокімі і жывымі. Папа з’явіўся на галоўнай ватыканскай плошчы пад урачысты гімн “Tu est Petrus” – “Ты – Пётр”. У літургіі, акрамя шматлікіх вернікаў, прынялі ўдзел каля 400 кардыналаў і біскупаў з усяго свету – удзельнікі Сінода Біскупаў па новай евангелізацыі, які зараз праходзіць у Рыме, а таксама тыя, хто спецыяльна прыехаў у Вечны горад, каб прыняць удзел у святкаваннях. Сярод апошніх: Канстантынопальскі Патрыярх Барталамей І, архіепіскап Кентэрберыйскі Роўэн Уільямс, а таксама 15 удзельнікаў ІІ Ватыканскага Сабору – сведкаў падзеі, якая вызначыла лёс Касцёла ў ХХ ст. Іншым сімвалам сувязі сённяшняй літургіі з тым, што адбывалася 50 гадоў таму, было выкарыстанне як і паўстагоддзя таму падчас св. Імшы на распачацце Сабору, таго ж евангеліярыя.

“Калі сёння Касцёл прапануе Год веры і новую евангелізацыю, ён робіць гэта не для таго, каб ушанаваць гадавіну, але таму што ў гэтым ёсць патрэба, яшчэ большая чым 50 гадоў таму!”, - сказаў у сваёй гаміліі Папа. Ён падкрэсліў, што “на працягу апошніх дзесяцігоддзяў пашырылася духоўная “пустыня”.

“Але менавіта адштурхоўваючыся ад досведу гэтай пустыні, ад гэтай пустэчы, мы можам нанава адкрыць радасць веры, яе жыццёвую важнасць для мужчын і жанчын. У пустыні адкрываецца каштоўнасць таго, што неабходнае для жыцця; так, у сучасным свеце прысутнічаюць шматлікія знакі прагі Бога, апошняга сэнсу жыцця, якія часта выражаны ў няяўнай і негатыўнай форме. І ў пустыні перш за ўсё ёсць патрэба ў людзях веры, якія сваім уласным жыццём, укажуць шлях да абяцанай зямлі і такім чынам падтрымаюць надзею”, - сказаў Папа.

Ён падкрэсліў, што сёння больш чым ніколі, евангелізаваць, азначае сведчыць аб новым жыцці, перамененым Богам і такім чынам паказываць шлях. Акрамя таго, Папа адзначыў, што жывая вера вызваляе ад песімізму. Разважаючы над першым чытаннем сённяшняй літургіі, у якім жыццё чалавека метафарычна параўноўваецца з падарожжам, Папа назваў падарожжам таксама і Год веры.

“Так мы можам акрэсліць Год веры: пілігрымка ў пустыні сучаснага свету, у якую трэба ўзяць толькі самае неабходнае: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, ні двух вопратак – як казаў Пан адпраўляючы апосталаў на місію, але Евангелле і веру Касцёла, яркім досведам якой з’ўляюцца дакументы ІІ Ватыканскага Сабору, а таксама Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, апублікаваны 20 гадоў таму”, - адзначыў Святы Айцец.

Напрыканцы гаміліі Папа зноў, як і падчас свайго нядаўняга візіту ў марыйны санктуарый у Ларэта, даверыў Год веры і новую евангелізацыю апецы Найсвяцейшай Панны Марыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.