2012-10-10 16:59:16

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт споведзі: “падыйшоў да Яго спакусіцель”


RealAudioMP3 Мы працягваем разважанні аб сакрамэнце споведзі. Нагадаю, што пры іх падрыхтоўцы я карыстаюся кнігай дапаможнага біскупа Рымскай дыяцэзіі Матэо Дзупі “Споведзь. Прбачэнне, якое змяняе”. Сёння я хачу засяродзіць увагу на фрагменце Евангелля паводле св. Мацвея, дзе апавядаецца аб выпрабаванні Езуса на пустыні – а менавіта аб тых спакусах, з якімі сатана падыйшоў да Хрыста. Свет навокал часта здаецца нам поўным зла – сапраўднай пустыняй, якую зрабілі людзі, што толькі ўсё бяруць і бяруць і не маюць іншага жыцця, надзеі, сапраўднага і празрыстага пачуцця любові. Колькі разоў нам падавалася, што мы выкрылі зло паўсюль, што ўсё навокал бруднае, падманлівае, што кожны дзейнічае толькі дзеля ўласнай карысці, што сапраўднай любові не існуе, што ўсе думаюць толькі аб тым, як больш і любым коштам зарабіць. Носім у сабе гэты цяжар і не ведаем, як ад яго вызваліцца. Не хочам быць такімі! Нельга жыць добра такім чынам! Мы можам быць іншымі!

Злы спакушаў таксама Сына Божага! Гэта паказвае нам сілу зла, сатаны, таго “хто падзяляе”. Але Езус перамог сатану. Ён зрабіў гэта незвычайнай моцай. Ён на ўсе спакусы злога адказваў не ўласнымі словамі, але Божым словам. Такім чынам мы з’яўляемся моцнымі не тады, калі разумеем усё, але калі з’яўляемся дзецьмі і давяраемся любові Айца. Зло, наадварод, жадае, каб мы былі самадастатковымі, ізаляванымі, моцнымі ўласнай моцай, адны. А Езус быў моцным, бо быў з Айцом.

Першай спакусай злога быў хлеб. Зло хаваецца, здаецца вельмі разважлівым і лагічным: хочаш есці, вось – калі ласка. Яно нібыта клапоціцца аб нашым дабрабыце. Гэта спакуса матэрыялізму, калі прырода, даброты, усё становіцца аб’ектам для спажывання, авалодвання, задавальнення. Езус адказвае сатане Словам Божым: “Не толькі хлебам жыве чалавек”. Мы заўсёды большыя за тое, што спажываем. Наша жыццё мае вялізарную каштоўнасць! Мы былі створаны, каб любіць, каб быць з іншымі. Чалавек “харчуецца” любоўю, і перад усім перамагае голад даючы любоў. Езус просіць сваіх вучняў даваць хлеб галодным, бескарысна, памнажаючы тое, што маюць. Ён таксама казаў не клапаціцца аб тым, што п’юць і ядуць, бо каштуюць больш чым любая ежа. Езус казаў, што калі шукаем Валадарства Нябеснага, нам усяго будзе даволі. Хто хоча ўсё, каб насыціцца застанецца незадаволеным і агрэсіўным. Хто не чакае нічога для сябе, хто дорыць і шукае хлеб для ўсіх, а гэта значыць любіць, знойдзе ўсё і будзе ўдзячны за ўсё.

Пасля гэтага зло прыступае да Езуса з новай спакусай. Яно паказвае Яму зямную ўладу і хвалу, прывілеі, адчуванне важнасці, панавання, дамінавання. Зло хоча прымусіць паверыць у тое, што гэта хвала не мае межаў. Дзеля невялікай улады прадаем саміх сябе, кланяемся людзям, губляем годнасць, перакананні, сумленне. Робім гэта нават дзеля кар’еры ці прыбытку. Так становімся слугамі зла. Гэта хвала, у рэальнасці, заканчваецца вельмі хутка і становіцца залежнасцю. Езус схіляецца толькі для таго, каб вымыць ногі сваім вучням. Яго ўлада – бескарысная любоў да ўсіх – гэта ўлада крыжа, любові да іншых, а не да сябе. Гэта бязмежная свабода і таму вечная.

Нарэшце, зло спакушала Езуса самім Божым словам. Прасіла яго здзейсніць цуд, палічыць сябе ўсемагутным, выкарыстаць Бога для таго, каб паказаць сваю нябесную абарону дзеля ўласнага задавальнення. Зло хоча захапіць сэрца чалавека, зрабіць яго сваім, закаханым у самаго сябе. Езус адказвае, як заўсёды Божым словам: “Не спакушай Пана Бога твайго!”. Езус казаў Богу: “няхай будзе воля Твая”, а не прасіў аб уласным збаўленні. Ён давяраў Айцу, бо быў па-сапраўднаму Яго Сынам!
Чаму неабходна супрацьстаяць спакусам? Бо толькі так становімся людзьмі – жывем не толькі хлебам, бачым не толькі банальную логіку ўлады, разліку, імкнення да ўсемагутнасці. Езус хоча, каб мы былі шчаслівымі ў служэнні і любові, не чакаючы нічога наўзаем, запрашаючы да сябе на абед тых, хто нічым нам не зможа адказаць, акрамя бескарыснай любові. Так зло аддаляецца, і з таго моманту становімся не ў адзіноце перад выпрабаваннямі, але адчуваем побач верную прысутнасць Хрыста. “Вызвалі нас ад злога!”. Прабачэнне, робіць нас дзецьмі Бога, напаўняе нас Яго Cловам, якое становіцца нашай сілай.








All the contents on this site are copyrighted ©.