2012-10-09 10:45:31

Спецыяліст па кананічным праве: прысуд Габрыэле – лагодны


RealAudioMP3 Італьянскі біскуп Даменіка Магавэра, вядомы спецыяліст па кананічным праве, пракаментаваў рашэнне Ватыканскага трыбуналу, які асудзіў былога камердынера Папскага дому Паўла Габрыэле на 18 месяцаў пазбаўлення волі за крадзеж канфідэнцыйных дакументаў пры абцяжарваючых абставінах. Іерарх адзначыў, што пакаранне, якое атрымаў Габрыэле, не адэкватнае да здзейсненага злачынства, таму яго можна назваць вельмі лагодным. Іерарх нагадаў, што працэс праводзіўся паводле так званага “Кодэкса Дзанардэлі”, які быў прыняты ў Італіі ў 1889 г. і адаптаваны Святым Пасадам. У 1930 г. італьянскае правасуддзе пачало карыстацца новым “Кодэксам Рока”. У ватыканскай жа судовай практыцы да сённяшняга дня выкарыстоўваецца першы. “Паўла Габрыэле не быў проста адным з супрацоўнікаў Святога Пасаду; ён быў свецкім вернікам, які знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці да Бэнэдыкта ХVI. Супраць логікі ён парушыў асабістае жыццё Папы і гэта з’яўляецца крымінальным злачынствам вялікай цяжкасці, якое складана параўнаць да іншых”, - адзначыў іерарх.

Паводле біскупа Магавэра, “Кодэкс Дзанардэлі” не адлюстроўвае больш сучаснай логікі жыцця. Напрыклад у ім адсутнічаюць нормы адносна аховы асабістага жыцця. “Гэта сістэма законаў, якая нарадзілася ў іншым стагоддзі”, - нагадаў эксперт па кананічным праве. Паводле яго, здрада Паўла Габрыэле, гэта “надзвычайны і жудасны факт” і яшчэ сёння застаюцца не яснымі яго матывы. “Папа мог памілаваць Габрыэле ў любы час, але жадаў дакладна ведаць матывы яго ўчынку”, - адзначыў іерарх і дадаў, што акт памілавання можа быць здзейснены пасля судовага працэсу.








All the contents on this site are copyrighted ©.