2012-10-09 12:20:04

Арцыбіскуп Кандрусевіч: маліцеся аб плёнах Cінода


RealAudioMP3 7 кастрычніка ў Ватыкане распачаўся Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі, на які з’яехаліся некалькі соцен іерархаў з усяго свету. Ёсць таксама прадстаўнік беларускага епіскапату. Для арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, гэта ўжо сёмы сінод падчас яго пастырскай службы. Мы папрасілі яго падзяліцца сваімі ўражаннямі з першых дзён працы асамблеі і выказаць сваю думку на конт выклікаў, якія стаяць сёння перад Касцёлам.

Эксцэленцыя, вітаю Вас і хачу адразу запытацца: для Вас гэта не першы Сінод, Вы прымалі ўдзел у сямі асамблеях такога тыпу. Што для Вас асабіста Сінод? Якім для Вас уяўляецца Сінод па новай евангелізацыі?

Я сапраўды не першы раз на Сінодзе, ён ўжо сёмы для мяне. Таму ўжо крыху вопыту ёсць, і калі мяне пытаюцца, дзе я вывучаў італьянскую мову, я заўсёды адказваю, што на сінодах (смяецца). Сінод для мяне – гэта ў нейкім сэнсе сінонім Касцёла. Гэта дарадчы орган Папы, які павінен прадставіцья яму нейкія прапановы, кіруючыся якімі Пантыфік можа напісаць Апостальскую адгартацыю. Спадзяёмся, што пасля гэтага Сіноду таксама выйдзе такі дакумент, які вызначыць душпастырскія напрамкі на будучае.

Але не толькі гэта для мяне Сінод. Гэта таксама і сустрэча з біскупамі з усяго свету. На Сінодзе кожны біскуп прамаўляе, але мы таксама і слухаем, таму досвед іншых вельмі важны – можна нешта ўзяць, можа мы таксаму камусьці нешта перакажам, нашае сведчанне. Сёння вельмі моцна падкрэслівалася сведчанне мучанікаў, у нашай краіне ці постсавецкай прасторы іх было вельмі многа. Таксама Сінод – гэта сучасная рэфлексія над праблемамі, якія сёння стаяць. Таму я заўсёды ўдзячны Богу, калі бываю на Сінодах Біскупаў, бо гэта такі маленькі сабор, што стараецца адказаць на пытанні, якімі жыве Касцёл у наш час, у кожны час, у тым ліку і гэты Сінод па новай евангелізацыі. Сёння мы ведаем, што вера знаходзіцца ў крызісе і ёсць шмат прычын у гэтага крызісу, таму трэба разабрацца, трэба паслухаць, трэба паразмаўляць з іншымі.

Я кажу, напрыклад, што ў нас у Касцёл ходзяць дзесьці 35-40% вернікаў, усе успрымаюць гэта вельмі добра. Калі я кажу, што ў нас ёсць 90 дыяцэзіяльных семінарыстаў і каля 35 законных, то гэта таксама вельмі добра ўспрымаюць; пытаюцца, як вы гэтага дасягнулі. Найбольш цікавіць біскупаў з іншых краін, як захавалася вера падчас пераследу. Менавіта дзякуючы сям’і, традыцыйным набажэнствам: ружанцу, Крыжоваму Шляху, літаніям; людзі ад гэтага не адмовіліся. Трэба сумяшчаць разам старое і новае.

Таму кожны Сінод – гэта вялікае перажыванне, але таксама гэта спатканне з Папам, што вельмі важна. Папа прымае кожнага біскупа. Гэта кароткая аудыенцыя, але вельмі важная, каб паслухаць, што скажа Папа, бо ён кіруе Касцёлам, з’яўляецца Наступнікам св. Пятра, вікарыем Хрыста.

Першы дзень Сіноду, якім ён быў? Што Вас найбольш кранула або ўразіла?

Першы дзень Сіноду – гэта заўсёды вельмі важны дзень. Учора было афіцыйнае адкрыццё, сёння ўжо першы дзень працы. Сёння мяне вельмі кранула, калі падчас Літургіі гадзін Папа ўзяў мікрафон і правеў медытацыю. Я такога яшчэ не бачыў ніколі, Папа звычайна толькі слухае. Ён распачаў са слова Евангелле (Ευαγγέλιο па- грэцку), і падкрэсліў, што гэта слова азначае таксама перамогу. І сапраўды, калі чалавек будзе жыць паводле Евангелля, калі ён яго пазнае, калі ён пазнае праўду аб нашым збаўленні, аб Езусе Хрысце, то ён пераможа самаго сябе, пераможа грэх, цяжкасці, з якімі сучасны свет спатыкаецца. Я глядзеў на біскупаў, усе былі ўражаны, гэта быў такі прыемны сюрпрыз.

А потым быў уступны даклад галоўнага рэлятара, даклад, які вельмі-вельмі важны і з’яўляецца зыходным пунктам усяго Сіноду. Гэтым рэлятарам з’яўляецца арцыбіскуп Вашынгтонскі кардынал Дональд Вюрл. Тое, што амерыканскі кардынал быў прызначаны галоўным рэлятарам, мне здаецца вельмі знакавай справай. Я ўжо на сёмым Сінодзе, заўсёды рэлятары былі з Еўропы. А тут мы бачым – з Амерыкі, ведаем, што Амерыка не мае такой лоўгай традыцыі хрысціянства. Гэта маладая краіна, дзе толькі некалькі стагоддзяў таму была праведзена першая евангелізацыя, але з іншага боку, туды прыехалі людзі з Еўропы, якія прывезлі туды сваю традыцыю. Краіна, у якой спатыкаюцца шматлікія культуры, рэлігіі. Таму для мяне гэта важны знак, што Папа прызначыў Вашынгтонскага арцыбіскупа на гэту пасаду. У першым сваім дакладзе, які з’яўляецца праграмным, арцыбіскуп падкрэсліў, што мы заўсёды павінны памятаць аб Тым, Каго мы абвяшчаем. Недастаткова сказаць, што Бог нас любіць. У цэнтры трэба паставіць Езуса Хрыста. Таму новая евангелізацыя – гэта абвяшчэнне нанава, новымі спосабамі, новымі метадамі, новымі шляхамі менавіта Езуса Хрыста.

Таксама кардынал Вюрл стварыў базу для сёлетняга Сіноду, пералічваючы найважнейшыя дакументы, думкі, пачынаючы ад папы Паўла VI да Бэнэдыкта XVI праз Яна Паўла ІІ, якога ўчора Бэнэдыкт XVI падчас св. Імшы на адкрыццё Сіноду назваў евангелізатарам нашага часу. Таксама ён узгадаў аб катэхізісе. Я дзесьці чытаў нядаўна інтэрв’ю з кардыналам Вюрлам, які сказаў семінарыстам: калі вам нешта неясна, калі вам нават тэолагі не могуць нешта выясніць, то бярыце катэхізіс і там знойдзіце адказы на ўсе пытанні.

Далей ён засяродзіўся на абставінах, у якіх жыве сучасны Касцёл. Менавіта гэты маральны рэлятывізм, секулярызм, жыццё так, як быццам бы Бог зусім не існуе, або мы бачым Бога такім, якім мы хочам Яго бачыць. Мы забываемся аб тым, што ён нас стварыў. Мы часта ставім сябе на месца Бога.

Іерарх звярнуў увагу на фундаментальныя элементы новай евангелізацыі: пазнанне веры, жыццё верай і дзейнічанне паводле веры. Таксама не абыйшлося без тэалагічных элементаў новай евангелізацыі, дзе арцыбіскуп Вашынгтонскі падкрэсліў антрапалагічны аспект, бо ўсё распачынаецца ад чалавека. І нездарма ў семінарыі на першае месца ставіцца фармацыя чалавечая, потым толькі ідзе духоўная, інтэлектуальная, душпастырская. Пасля хрысталагічны аспект новай евангелізацыі, тое, пра што мы ўжо казалі – у цэнтр трэба паставіць Езуса Хрыста

Таксама касцёльны аспект. Я яшчэ раз падкрэсліваю тую праўду, пра якую часам забываюца – без Касцёла няма збаўлення. Збаўленне праз Касцёл. Арцыбіскуп Вюрл таксама нагадаў пра тое, што ў евангелізацыйнай працы мы павінны карыстацца здаровай хрысціянскай дактрынай, той, якую абвяшчае Касцёл.Таксама мне здаецца важным, што ў дакладзе была падкрэслена патрэба новых евангелізатарах, але тых, якія з’яўляюцца сапраўды вернымі Евангеллю і яго сведкамі. Калі размаўляў з біскупамі, многія адзначалі, што ў сучасным свеце не хапае менавіта сведкаў Евангелля.

У заключэнні арцыбіскуп падняў пытанне дабрачыннасці – аднаго са спосабаў абвяшчэння Евангелля. Ён адзначыў важнасць існавання новых касцёльных рухаў.

Даклад, вельмі аб’ёмісты, быў прачытаны на лацінскай мове, бо гэта афіцыйная мова Касцёла, і ўспрыняты вельмі пазітыўна. Потым распачнуцца дыскусіі на тэму гэтага дакладу, кожны біскуп будзе прадстаўляць сваю пазіцыю адносна бачання новай евангелізацыі.

Эксцэленцыя, я дзякую за нашу размову і жадаю Вашага плённага ўдзелу ў працах Сіноду Біскупаў.

Дзякую. Як учора Святы Айцец прасіў маліцца аб Сінодзе Біскупаў, таксама і я звяртаюся да ўсіх: маліцеся аб гэтай важнай асамблеі, бо яна дасць напрамак развіцця Касцёла, падкажа, якім чынам уратаваць сёння веру, каб чалавек не адыйшоў ад веры, каб жыў гэтай верай. Бо бяз веры няма збаўлення.

Размаўляў кс. А. Амяльчэня







All the contents on this site are copyrighted ©.