2012-10-09 16:03:15

Адбудзецца прэзентацыя апошняга тому кнігі Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 9 кастрычніка Зала Друку Апостальскай Сталіцы паінфармавала, што трэці том кнігі Бэнэдыкта ХVI “Езус з Назарэту”, прысвечаны дзяцінтву Езуса, будзе прэзентаваны падчас Міжнароднага кніжнага кірмашу ў нямецкім Франкфурце; ён пройдзе 10-14 кастрычніка 2012 г. Італьянскае выдавецтва ”Rizzoli” атрымала ўсе правы па продаж кнігі. На выставе ў Франкфурце яна будзе прадстаўлена на мове арыгіналу – нямецкай. У гэты час вядзецца праца па перакладзе кнігі на іншыя 20 моў. Першай краінай, дзе выйдзе апошні том “Езуса з Назарэту”, будзе Італія.

У паведамленні адзначаецца, што кніга напісана вельмі простай мовай і з’яўляецца дапаўненнем двух папярэдніх частак. Зала Друку адзначае, што ў евангельскіх аповесцях пра дзяцінства Езуса, Папа падкрэслівае тэалагічныя карані радасці і дае чытачу магчымасць адкрыць, што Евангелле не з’яўляецца гісторыяй мінулага, але сучаснасці чалавека. “Напярэдадні Божага Нараджэння, гэта кніга апавядае гісторыю радасці, якая падчас Нараджэння Езуса выяўляецца ў беднасці гроту. Для тых, хто верыць, гэта стымул да пазнання глыбіні сэнсу хрысціянскай веры”, - адзначаецца ў паведамленні. Зала Друку падкрэслівае, што Папа звяртаецца з добрай воляй да ўсіх тых, хто з неспакоем шукае Хрыста і пытаецца: “Адкуль прыходзіць Езус ?”. “Думаю, што гэта невялікая кніга, нягледзячы на сваю абмежаванасць, зможа дапамагчы многім асобам ў іх шляху да Езуса і разам з Езусам”, - напісаў ва ўступе да трэцяга тому Святы Айцец.

Зала Друку адзначыла таксама, што дзве першыя часткі “Езуса з Назарэту” Бэнэдыкта ХVI, якія выйшлі ў 2007 і 2010 гг., былі прысвечаны публічнаму жыццю Хрыста.








All the contents on this site are copyrighted ©.